Сотрудники МЧС навестили многодетные семьи в агрогородке Никитиха

Безопасность Общество

Больш  дзяцей – больш  увагі  і  пільнасці
У рамках рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!» супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях разам з карэспандэнтам раённай газеты правялі прафілактычныя мерапрыемствы, адправіўшыся ў госці да мнагадзетных сямей у аграгарадок Мікіціха.

Прасцей сачыць за бяспечнымі паводзінамі малых, калі ў сям’і адно дзіця. Адказнасць і пільнасць бацькоў павінна расці ў разы, калі сям’я мнагадзетная, калі дзяцей трое і больш. За кожнадзённымі клопатамі, як накарміць, апрануць і чым заняць, ні ў якім разе нельга забываць пра пажарную бяспеку, перакананы выратавальнікі. Тут толькі адвярнуўся на секунду – і чакай непапраўнага: малыя вельмі цікаўныя і непрадказальныя ў сваіх паводзінах. І ім, канешне ж, справа і да запалак, якія бацькі па сваёй неасцярожнасці кінулі на бачным месцы, і да печкі, якая зіхаціць агеньчыкамі, і да праса, які забыліся выключыць.
Акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!” прадугледжвае правядзенне прафілактычных гутарак і абучэнне нескладаным правілам бяспекі з элементамі гульні як з дзецьмі, так і з дарослымі. Супрацоўнік РАНС Вадзім Півавараў прапаноўваў бацькам і іх дзецям разам збіраць мазаіку па матывах мультфільма “Чароўная кніга” МНС. Усе разам паўтаралі нумары экстранных службаў 101 і 112, разбіралі сітуацыі, якія могуць здарыцца ў кватэры ці жылым доме, разам устанаўлівалі на мабільныя тэлефоны дадатак “МНС: дапамога побач”. Праверыў супрацоўнік РАНС працаздольнасць пажарных апавяшчальнікаў, нагадаў дарослым, каб ні на хвіліну не пакідалі дзяцей адных.
Яркія кніжкі-размалёўкі, настольныя гульні, наглядная агітацыйная літаратура засталіся ў кожнай мнагадзетнай сям’і пасля наведвання выратавальнікаў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №93 ад 29.11.2019 г.