Проблемы ЖКХ и дорог преобладали на «прямой линии» председателя райисполкома с населением района

Главное Президент

Пераважалі камунальныя і дарожныя пытанні
Праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і стану дарог пераважалі падчас “прамой лініі” старшыні райвыканкама Віктара Гутарава з насельніцтвам раёна, якая прайшла ў суботу 7 снежня. За тры гадзіны кіраўнік раёна адказаў на дзясятак тэлефанаванняў як з райцэнтра, так і з вёсак Шуміліншчыны.

У мінулую “прамую лінію” старшыню райвыканкама прасілі ўладкаваць вуліцу Камунальную на «Брыкеце». І вось 7 снежня адным з першых быў званок з падзякай: канаву ўздоўж вуліцы прачысцілі і паглыбілі, цяпер вада не застойваецца і на ўчастку заяўніка.
Затое жыхароў вёскі Пусташы на Обальшчыне, хвалюе стан дарогі, па якой не праехаць, а ў вёсцы засталіся пажылыя людзі, якія чакаюць і аўталаўку і “хуткую дапамогу”. Вяскоўцы прасілі не забываць пра іх зімой, калі выпадае снег, чысціць пад’езд да вёскі.
Таксама і старэйшына вёскі Засіннікі паскардзілася на тое, што ўжо і пяску прывезлі, а разраўняць не могуць, каб засыпаць ямкі на дарозе. Гэтыя пытанні адразу ўзяў на аловак кіраўнік ДРБУ №204 Уладзімір Раманаў, які прысутнічаў падчас “прамой лініі”.
З вуліцы Паўночнай у аграгарадку Светласельскі прасілі нагадаць ЖКГ пра неабходнасць своечасовай уборкі смеццевых кантэйнераў. А з Сіроціна прасілі спілаваць старую таполю, якая расце ў двары і пагражае зваліцца на дом. Гэта паслуга платная, заўважыў заяўніцы кіраўнік раёна і даручыў адпаведным службам вывучыць сітуацыю і дапамагчы, калі трэба матэрыяльна, каб жанчына магла аплаціць работу. Было пытанне пра ацяпленне: заяўніцу не задавальняе тэмпература паветра ў кватэры, хаця яна адпавядае норме (больш за 18 градусаў). Кіраўнік раёна патлумачыў, што падставы для скаргі няма, УП ЖКГ свае абавязкі ў дадзеным выпадку выконвае. Жыхарка Віцебска паскардзілася на тое, што “Полацкводаканал” здымае калонку на перакрыжаванні вуліц Горнай і Падгорнай ў райцэнтры – там жыве маці заяўніцы. Пытанне адрасавана гэтай арганізацыі з даручэннем разабрацца ў сітуацыі.
У Обалі прасілі дапамогі ў ратаванні ад суседзяў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Даручэнне накіравана ў міліцыю і іншыя службы, якія адказваюць за парадак і бяспеку.
Незвычайная просьба паступіла з Шуміліна: скардзіліся на кацельню былога ўнівермага, якая дыміць і атручвае паветра. Санітарная і экалагічная службы атрымалі заданне вывучыць сітуацыю. Калі факт пацвердзіцца, уласніку кацельні трэба будзе выправіць становішча.
На прыём да старшыні райвыканкама прыйшла жыхарка райцэнтра, якая ад імя насельніцтва «Брыкета» прасіла змяніць графік руху гарадскога аўтобуса, каб ён хадзіў па суботах і нядзелях. Кіраўнік раёна даручыў адпаведным спецыялістам выклікаць прадстаўнікоў Полацкага аўтапарка і вывучыць сітуацыю на месцы.
Усе абгрунтаваныя скаргі ўзяты на кантроль кіраўніка раёна, даведзены да адпаведных службаў, устаноўлены канкрэтныя тэрміны выпраўлення хібаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *