Шумилинский лесхоз предлагает к Новому году ёлки в горшках

Главное Общество Экология

Лесаводы раяць адзначыць з зялёнай прыгажуняй Новы год, а вясной пры жаданні высадзіць у грунт, прыняўшы ўдзел у “Тыдні лесу”. Такім чынам можна далучыцца да экалагічнай акцыі “Захавай сімвал свята!” і ўнесці свой уклад у азеляненне малой радзімы.


Рэспубліканская акцыя праходзіць у другі раз. Работнікі Шумілінскага лясгаса таксама вырашылі не заставацца ў баку. Тым больш, што елкі еўрапейскія ў іх ёсць свае, уласнаручна вырашчаныя ў гадавальніку.Па словах галоўнага ляснічага Дзмітрыя Падлешчука, гандляваць елкамі ў гаршчках будуць усе лясніцтвы. Кожны пакупнік навагодняга дрэва атрымае і памятку, як яго даглядаць.
Акрамя гэтага, Шумілінскі лясгас гатовы прадаставіць усім школам раёна на школьныя ранішнікі бясплатна па адной ссечанай елцы.

Да слова. Перад тым, як занесці елку ў цёплую кватэру, каля сутак патрымайце дрэўца ў прахалодным месцы, напрыклад, на балконе. Ёлка любіць вільгаць, таму калі ў кватэры сухое паветра, трэба часцей апырскваць яе вадой. Пасля свята дрэва трэба выставіць на балкон ці на вуліцу.
Алена КАРПУШЭНКА.
На фота: Галоўны ляснічы лясгаса Дзмітрый Падляшчук і майстар гадавальніка Сяргей Басаў дэманструюць елкі ў гаршчках.
Надрукавана ў №99 за 20 снежня 2019 г.