Реализация Декрета №18 в Шумилинском районе рассматривалась на заседании райисполкома

Актуалии Общество Президент

Які лёс чакае дзіця?
25 лістапада адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. У якасці асноўнага на парадак дня было вынесена пытанне па рэалізацыі ў раёне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
Пасяджэнне правёў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Удзел у рабоце паяджэння прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, а таксама старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі І. У. Януковіч і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Т. В. Аляхновіч.
Складанае стварэнне — чалавек. Вось звярам і птушкам не патрэбны Дэкрэт № 18, там адна зязюля правінавацілася, дык і тое ж не пакінула сваіх птушанят, а аднесла іх да больш дбайных “бацькоў”. А ўсё чаму? А таму, што звяры і птушкі не п’юць гарэлкі і не лянуюцца працаваць. Толькі і ўсяго.
А чалавек — разумная істота — даходзіць да вар’яцтва ў сваім пакланенні спіртному, прадае за шклянку віна сумленне, розум, уласных дзяцей. Як да такіх дастукацца? Якія словы знайсці? Якія яшчэ дэкрэты трэба прыняць?
Пра ўсё гэта думалася падчас гаворкі на пасяджэнні райвыканкама. Вось некалькі лічбаў з даклада намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч:
“На 1 лістапада ў раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 204 падлеткі са 122 сем’яў. Гэта 6% ад агульнай колькасці дзяцей нашага раёна. Прычым амаль чвэрць (23%) з гэтай кагорты — дзеці да трох год.
З 1 студзеня 2007 года ў адпаведнасці з п. 1 Дэкрэта № 18 камісіяй па справах непаўналетніх 148 дзяцей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
На 1 лістапада бягучага года ў раёне пражываюць  87 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 44 дзіцяці ўладкаваны ў апякунскія сем’і, 31 выхоўваецца ў 21 прыёмнай сям’і, 5 дзяцей знаходзяцца ў Обальскім прытулку, 7 — у Доме дзіцяці.
Зараз у 109 асоб, абавязаных кампенсаваць расходы дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей.
За 10 месяцаў 75 абавязанымі асобамі здзейснены 1874 прагулы…”
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, каардынацыйны савет па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18, саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку… Пракуратура, міліцыя, суд… Сотні людзей трацяць час, сілы, нервы, каб угаварыць, прымусіць родную мамку і тату любіць сваіх дзяцей, клапаціцца пра іх. Але, як сведчаць факты, удаецца гэта далёка не заўсёды.
Як адзначыў у сваім выступленні дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін, педагогі разлічвалі, што з прыняццем Дэкрэта № 18 прыйдзе палёгка, будзе лягчэй “урэзоньваць” нядбайных бацькоў. Але не так усё проста. І той жа Обальскай школе, якая ўзяла пад сваё крыло прытулак, дзе да кожнага праблемнага падлетка ёсць свой падыход, кожнаму прапанаваны свой занятак, сваё мерапрыемства нават у летнія канікулы, усё адно няпроста.
Начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі выказаў думку, што для барацьбы з прагуламі, абавязаных трэба збіраць вечарам, трымаць пад вартай і раніцой цвярозых адпраўляць на работу.
У тым плане, што з такой катэгорыяй грамадзян трэба быць больш жорсткімі і бескампраміснымі, згодзен і старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў.
Але эмоцыі не могуць кіраваць прававой дзяржавай, усім павінен кіраваць закон, нагадаў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў.
Таму ўсім зацікаўленым службам трэба будаваць сваю работу, абапіраючыся толькі на літару закона, ставіць на першы план правы дзіцяці. Яго бяспеку і шчасце.
Задачы па больш дзейсным выкананні Дэкрэта № 18 акрэслены ў рашэнні райвыканкама, з праектам якога прысутных азнаёміў У. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч падкрэсліў, што гэтае пытанне будзе знаходзіцца пад пільнай увагай, а на пасяджэннях райвыканкама яно будзе разглядацца штомесяц.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *