Всю свою жизнь Лариса Демидович поёт

Культура Людзі і лёсы

Душа ў яе песенная
Быць таленавітым, творчым, цікавым чалавекам, а яшчэ валодаць прыгожым голасам наканавана не кожнаму. Ларысе Дземідовіч у гэтым сэнсе пашанцавала. Музыка стала яе прафесіяй, яе лёсам.


– Калі я была зусім маленькая, марыла стаць артысткай, – прызнаецца яна. – Гадоў з трох брала ў рукі «мікрафон» і спявала любімыя песні. На сямейных святах заўсёды выступала, яшчэ і танчыла, цешыла гасцей сваімі выступленнямі. Усім гэтым захапляюся і цяпер.
Музыка і песні заўсёды гучалі ў доме Ларысы Мікалаеўны. Бо сям’я ў яе музычная. Бабуля добра спявала, дзядуля іграў на гармоніку і балалайцы. Старэйшая сястра Наталля ўсё жыццё працуе харэографам у Новалукомлі. А ў юнацтве дзяўчаты нават спявалі разам у ансамблі. Успамінае Ларыса Мікалаеўна, што ў яе бацькоў таксама былі выдатныя вакальныя дадзеныя. І сыны добра спяваюць. Старэйшы сын Аляксей у дадатак выдатна іграе на гітары.
Ларыса Дземідовіч у галіне культуры даўно – трыццаць гадоў складае яе працоўны стаж. Сваю працоўную дзейнасць пачала на Шуміліншчыне пасля заканчэння Віцебскага культурна-асветніцкага вучылішча. Калектыў Шумілінскага РЦК лічыць адным з самых моцных у вобласці. І вельмі ўдзячна калегам за падтрымку, якую адчула на пачатку прафе-сійнага шляху.
Даволі працяглы час Л. Дземідовіч узначальвае народны хор народнай песні “Світанак”, кожнае выступленне якога яркае, запамінальнае, непаўторнае. Высокі мастацкі ўзровень, выканаўчае майстэрства, актыўная канцэртная дзейнасць калектыву не аднаразова адзначалася граматамі і падзякамі. Музычныя выступленні спявачкі вылучаюцца асаблівым каларытам і манерай выканання, галасавым дыяпазонам, вытанчанасцю вакалу і афарбоўкай гуку.
Яна заўсёды на сцэне. Адчуваць сябе на ёй як рыба ў вадзе дапамагае шматгадовы творчы вопыт. Яна атрымлівае задавальненне ад вынікаў працы. Ды і сумаваць Л. Дземідовіч няма часу. А калі раптам яе напаткае дрэнны настрой, Ларыса займаецца якой-небудзь цікавай і важнай справай: асабліва любіць вышываць і вязаць. Калі выдаецца вольная хвіліна, рада пабыць дома, выехаць на прыроду.
Наперадзе ў Ларысы Дземідовіч многа планаў, жаданняў, а самае вялікае – спяваць песні. Вось так і крочыць неразлучна з песняй па жыцці. Бо душа ў яе – песенная.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №3 ад 14.01. 2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *