В Шумилинском РДК прошёл районный тур конкурса “Песни юности наших отцов”

Культура Молодёжь

Ад бацькоў і дзедаў — песня
У кожнага пакалення свае песні. А ў будучае крочаць толькі лепшыя. Такія, напрыклад, як тыя, што гучалі на конкурсе маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Гэта адно з тых цікавых і творчых мерапрыемстваў, якое выхоўвае ў юных сэрцах пачуцці цудоўнага і патрыятычнага. А арганізавалі і правялі конкурс аддзел па справах моладзі разам з аддзелам культуры райвыканкама.
У раённым туры, які праходзіў 5 лютага на сцэне Шумілінскага Дома культуры, прынялі ўдзел 24 чалавекі, якія прадстаўлялі школы, сельскія ўстановы культуры і ГДК. Кожны ўдзельнік выконваў дзве папулярныя песні 30-90-х гадоў мінулага стагоддзя: адну – грамадзянска-патрыятычнага зместу і шлягер.
За тым, што адбывалася на сцэне, уважліва сачыла строгае журы ў складзе начальніка аддзела культуры Алега Мацвейчука, галоўнага спецыяліста аддзела культуры Валянціны Навіцкай, начальніка аддзела па справах моладзі Марыны Ганчаровай, вы-кладчыкаў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алены Фёдаравай і Алены Сініцкай.
Амаль тры гадзіны доўжылася праграма, у ходзе якой былі выкананы шматлікія цудоўныя творы. Гледачы атрымлівалі асалоду. А журы выбірала лепшых выканаўцаў. У намінацыі “Саліст-вакаліст” журы прысудзіла першае месца Ірыне Салаўёвай (Шумілінскі ГДК); другое месца падзялілі Кацярына Сыцько (Лескавіцкі СК) і Ірына Сянкевіч (Шумілінскі ГДК); на трэцім месцы Юлія Мельнік (Язвінскі СДК) і Аксана Каваленка (Мікалаёўскі СК).
У намінацыі “Вакальны ансамбль” другое месца журы аддала квартэту ў складзе Валерыя Дарзнека, Яўгена Казлова, Аляксея Шчарбакова і Андрэя Крыўцова (Шумілінскі ГДК), трэцяе – дуэту Анастасіі Жарыкавай і Анастасіі Шавяка (Шумілінская СШ №1). Першае месца было вырашана не прысуджаць.
Некаторыя салісты былі адзначаны спецыяльнымі намінацыямі:     Аляксандр Кірылаў (Сіроцінскі СК) – “Творчы дэбют”, Ганна Іваноўская (Шумілінскі ГДК) – “Артыстызм”, Марына Дышко (Лаўжанскі СЦКіД) – “Прыз сімпатый гледачоў” (заснаваў райкам ГА БРСМ).
Пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і граматамі ад аддзела моладзі і аддзела культуры райвыканкама.
Лепшыя вакалісты Шумілінскага раёна (якія занялі 1 і 2 месцы) прымуць удзел у абласным этапе конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які пройдзе 24 лютага ў Расонах. Поспехаў вам!
Вольга ДРОЗД, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *