Проверка сторожевой охраны в Шумилинском районе выявила целый букет нарушений

Закон Экономика

Трактор на ферме Слобода

Пошукі вартаўніка вынікаў не далі
Кажуць, крадуць тое, што дрэнна ляжыць. А ўлічваючы, што цяпер амаль любая дэталь ад трактара ці аўтамабіля, любая галава жывёлы каштуе не адзін мільён рублёў, ад арганізацыі вартавой службы напрамую залежыць эканоміка прадпрыемстваў.
Па рашэнні райвыканкама наладжана комплексная праверка вартавой аховы на прадпрыемствах раёна. У складзе рэйдавых груп прадстаўнікі раённага адзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Удзельнічае ў рэйдах і карэспандэнт раённай газеты.
Ферма Ляжні-2 ААТ “Ляжні” ветліва сустрэла святлом ў акне пакою адпачынку. У пакоі цёпла, светла. Але … нікога няма. Пошукі вартаўніка вынікаў не далі, а ўсе гаспадарчыя памяшканні, акрамя пакою адпачынку, былі закрытыя.
Ферма Ляжні-1 сустрэла цемрай. У хляве адразу нікога не прыкмецілі, але на нашыя галасы недзе з сіласу паўстала постаць вартаўніка:
—  А навошта вас столькі ноччу прыехала? Вы лепш удзень прыязджайце. Я тут працую, нічога не ведаю.
— Чаму ў хляве адпачываеш, а не ў пакоі?
— Дык тут ўсё закрытае на замкі. А ў хляве спадручней, калі карова цяліцца пачне, адразу пачую.
З далейшай размовы высветлілася, што тэлефон на ферме ёсць ў пакоі адпачынку. Пад замком!!! Вогнетушыцель ёсць. Пад замком!!! Дакументацыя ёсць у брыгадзіркі. Таксама пад замком!
— А што будзеш рабіць, калі, крый бог, пажар? — працягваем дыялог.
— Нешта ж буду. Вада вунь ёсць. Ды і чаму тут гарэць?…
За тры дні рэйдавыя групы пабывалі ў ААТ “Лаўжанскае”, “Прыазёрны мір”, “Ляжні”, КУСГП “Сіроцінскі”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, праверылі вартаўнікоў некаторых школ і дзіцячых садоў, наведалі гараж ЦРБ.
Варта заўважыць, што практычна паўсюдна аднолькавыя заўвагі, пераважная большасць якіх адносіцца да супрацьпажарнай бяспекі, і якія менавіта ў начной цемры становяцца больш бачнымі. Так, вароты абодвух хлявоў фермы ў Слабадзе знутры падпіралі трактары, якія абслугоўваюць ферму. Такі вось “цёплы” гараж не толькі перашкаджае эвакуацыі жывёлы на выпадак пажару, а і стварае дадатковую пажарную небяспеку.
На большасці жывёлагадоўчых аб’ектаў вартаўнікі не маюць доступу да тэлефонаў, якія знаходзяцца пад замком у пакоях адпачынку ці ў загадчыка фермы (гавораць, што ёсць мабільнікі),  многія работнікі не ведаюць тэлефонаў экстранага выкліку, нават калі яны змешчаны на сцяне. Не ўмеюць вартаўнікі карыстацца вогнетушыцелямі, ды і вогнетушыцелі часта пратэрмінаваныя ці наогул забароненыя да эксплуатацыі.
Для абагрэву работнікі карыстаюцца няспраўнымі грубкамі, самаробнымі аба-гравальнікамі, на грубках сушаць дровы.
Ёсць прыклады, калі пры шырока расчыненых дзвярах у хлявы і дапаможныя памяшканні на ферме няма вартаўнікоў. Так, начная змена фермы Слабада “грэла каву” ў старожцы майстэрняў, у той час як усе дзверы на ферме былі наросхрыст – выводзь і грузі хоць цэлы статак кароў. У “Лаўжанскім” (ферма Спаскае) былі адкрытыя дзверы ў малочную — хочаш малачка, налівай, а хочаш, рухавікі з помпаў здымай.
На многіх фермах адсутнічае неабходная дакументацыя: журналы праверак, прыёму-здачы змен. Дзяжурныя не ведаюць, колькі галоў жывёлы ў іх пад аховай.
Крыху больш парадку на мехдварах. Інжынеры, напэўна, больш “падкаваныя” ў гэтых пытаннях, ды і праверкі часцей бываюць: тут і журналы неабходныя ёсць, і з абагрэвам лепш (у “Лаўжанскім” і “Ляжнях” былі заводскія электраабагравальнікі). Але з вогнетушыцелямі і тут не ўсё ў парадку. А ў райаграсэрвісе ў пакоі вартаўніка стаяў вогнетушыцель з прайшоўшым тэрмінам годнасці яшчэ ў 1998 годзе(!).
Некаторыя работнікі адказвалі, што яны тут “ні пры чым, няхай начальства адказвае”. Але варта нагадаць, што за некаторыя парушэнні адказнасць нясуць непасрэдна працуючыя.
Праверкі вартавой службы працягваюцца. Рэйды закрануць не толькі сельскагаспадарчую вытворчасць, але і прамысловыя прадпрыемствы, школы і дзіцячыя сады, іншыя аб’екты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *