Домашнее насилие. Не молчи!

Грамадства Закон Сям’я

Маўчаць нельга гаварыць

На абароне чалавека ад насілля стаіць уся праваахоўная сістэма. Але існавала тэма, якая да апошняга часу сарамліва хавалася ў цені, якую не выносілі на грамадскі агляд.  Гэта насілле ў сям’і. З’ява, распаўсюджаная ў бытавым асяродку розных народаў, і няма краіны ці грамадства, свабодных ад яе.  

STOP

Вельмі часта сямейнае насілле ўспрымаецца як абыдзеная, нармальная з’ява.  Ахвярамі насілля становяцца тысячы (а ў свеце дзясяткі мільёнаў) дзяцей, жанчын і мужчын, маладых і старых.
«Існуюць розныя віды насілля: псіхалагічнае, эканамічнае, фізічнае і сэксуальнае. У сілу розных прычын часцей за ўсё заканадаўчаму разбору падвяргаюцца асобы, якiя ажыццяўляюць фізічнае насілле, –  адзначае  начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Шышковіч. – Насілле ў сям’і нярэдка суправаджаецца пабоямі, катаваннямі. Асабліва цяжка абараніць свае правы пацярпелым, якім прычынена лёгкая шкода здароўю. Прадугледжанае заканадаўствам пакаранне за злачынствы, звязаныя з сямейным насіллем, далёка не заўсёды сувымяральна з фізічнай і эмацыянальнай шкодай».
Наш раён, як і любы іншы ў рэспубліцы, не абыходзіцца без выпадкаў, калі жанчына становіцца ахвярай насілля. У мінулым годзе следчымі райаддзела было ўзбуджана 20 крымінальных спраў па фактах сямейнага насілля.
Але… Усе гэтыя выпадкі аб’ядноўвае адно: як правіла, жанчыны потым лічаць, што  пагарачыліся, баяцца перасудаў суседзяў ці шкадуюць родных ім мужчын, просяць спыніць справу, вярнуць заяву ці проста дараваць. Яны прыводзяць  самыя розныя аргументы, спрабуючы спыніць расследаванне крымінальнай справы. Многія пры гэтым нават адмаўляюцца праходзіць судова-медыцынскую экспертызу, спадзеючыся, што гэта дапаможа  прыпыніць крымінальную справу.
На жаль, пры гэтым жанчыны не задумваюцца аб тым, напрыклад, які прыклад  бачаць іх дзеці. Не задумваюцца і пра тое, што ў рэшце рэшт усё гэта можа закончыцца трагедыяй. І самае страшнае тое, што ахвяры сямейнага насілля гадамі церпяць здзекі і пабоі. Пра «выхаванне» кулаком ведаюць знаёмыя, суседзі, ведаюць і маўчаць, нікуды не звяртаюцца…
Напрыканцы мінулага года следчыя райаддзела ўзбудзілі чарговую крымінальную справу па факце сямейнага насілля, расказаў старшы следчы райаддзела Віктар Казлоўскі. 51-гадовая Алена (імёны зменены па этычных меркаваннях)  апошнія гады жыла з 50-гадовым Ігарам. Яна працавала, ён – не. Мужчына перабіваўся выпадковымі заробкамі, якія траціў на спіртное. Алена не раз выклікала работнікаў міліцыі, каб абаранілі яе ад дэбашыра-сужыцеля. З паказанняў Алены: «Пасля дэбошаў я Ігара пастаянна выганяла з дома. Але той прыходзіў і прасіў прабачэнне. Даравала яму, бо як цвярозы – добры. Спадзявалася, што гэта будзе апошні раз».
У той вечар Ігар дапамагаў аднавяскоўцу. Алена не дачакалася сужыцеля і легла спаць. Каля дзвюх гадзін ночы ён прыйшоў нецвярозы. І адразу пачаў чапляцца да жанчыны, маўляў, што ў яе ёсць палюбоўнік. Больш чым гадзіну раўнівец спрабаваў нешта даказаць, жанчына ж спрабавала супакойваць. Але дзе там! Ігар пусціў у ход кулакі. Алена выклікала  міліцыю, праўда, да яе прыезду дэбашыр паспеў збегчы, супрацоўнікі міліцыі хутка яго знайшлі.
Узбуджана крымінальная справа па факце нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Згодна з заканадаўствам дэбашыру пагражае арышт ці папраўчыя работы тэрмінам да аднаго года, штраф ці грамадскія работы. «Хочацца падкрэсліць, што сямейнае насілле не можа быць нормай жыцця, не павінна быць нормай. Калі вы чуеце, што мужчына, тым больш нецвярозы, збівае сваю жонку – выклікайце міліцыю. Адным званком, магчыма, вы выратуеце нечае жыццё», – адзначыў Віктар Казлоўскі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *