Почта в Шумилино работает в новом формате

Общество Экономика

Фармат работы вызначае час

Што ні кажы, а пошта – візітка горада. А калі гаворка ідзе пра невялікі райцэнтр, актуальнасць і важнасць яе паслуг асабліва відавочная. У жніўні пасля мадэрнізацыі адкрылася аддзяленне паштовай сувязі Шуміліна-2. І жыхары, і самі работнікі за гэты час паспелі ацаніць як клас абслугоўвання, так і камфортнасць работы ў новым фармаце.

«Транзітка» як перадавая
Намеснік начальніка АПС Шуміліна-2 Святлана Шчалкунова працуе на пошце шосты год. Вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, практыку праходзіла ў родным Шуміліне. Гаворыць, што раніца – самы гарачы час на пошце. Асабліва ў аддзеле сартавання – паштальёны называюць яго «транзіткай». Менавіта адсюль пачынаецца работа не толькі цэнтральнага, але і ўсіх астатніх аддзяленняў раёна. Уключаны транспарцёр, разгружаецца карэспандэнцыя і тавары, кожны з работнікаў дзей-нічае па даўно адпрацаванай схеме.
– Спыняцца некалі – работы заўсёды шмат, – кажа старажыл аддзялення аператар сувязі Іна Мацюшкова. – А ў канцы месяца – асабліва. Людзі імкнуцца да 25 чысла разлічыцца з плацяжамі, атрымаць пенсіі.
Назіраю, як Іна проста імгненна раскладвае газеты па стосах. Мне стала цікава, ці атрымаецца ў мяне так жа. Не атрымалася.
– А што вы хацелі – 23-гадовы вопыт як-ніяк, – з усмешкай кажа спецыяліст.
Апроч іншага, І. Мацюшкова абслугоўвае аграгарадок Светласельскі. Калегі яе паважаюць як адказнага работніка, які здольны якасна і хутка выконваць любую аперацыю на ўчастку.
20 гадоў стажу за плячыма і ў аператара па суправаджэнні мотадастаўкі Алены Кібісавай. Яна абслугоўвае Обальскі маршрут – больш за сотню адрасоў.
– Вядома, я ведаю кожнага свайго кліента, яго запыты і жаданні, – кажа спецыяліст, які, акрамя пенсій і карэспандэнцыі, дастаўляе сваім падапечным розныя тавары.

Намеснік начальніка АПС Шуміліна-2 Святлана Шчалкунова                                            працуе на пошце шосты год.

Палкоўніку ніхто не піша?

Умовы працы вызначае час. Ён жа дыктуе фармат. Абывацелю, мне ў тым ліку, здаецца, што такая паслуга, як дастаўка лістоў, папросту рудымент, хіба што зрэдку запатрабаваны.
– Пра што вы кажаце, – абвяргае мае здагадкі Святлана Шчалкунова, – лістоў становіцца больш. Да прыкладу, сёння адзін паштальён нясе іх 45 – і гэта толькі людзям, а яшчэ ж шмат карэспандэнцыі прыходзіць на адрас арганізацый.
– А бывае, што лісты губляюцца? – цікаўлюся.
– Не, што вы! – кажа Святлана. – Уся карэспандэнцыя, якая прыходзіць, фіксуецца ў спецыяльнай праграме «Сачэнне». У канцы дня ўсе рэшткі – лісты, даставіць якія не ўдалося, таксама ўносяцца ў праграму. Нават калі раптам ліст прыйшоў не па адрасе, мы яго перанакіроўваем, і ён абавязкова дойдзе да адрасата.
Ёсць кліенты, якія заключаюць дагаворы на экспрэс-дастаўку. Як правіла, гэта прадпрымальнікі, якія часта карыстаюцца дадзенай паслугай і хочуць эканоміць свой час.
Наогул праца пошты цалкам камп’ютарызавана. Усе аперацыі праводзяцца праз спецыяльныя праграмы. Гэта не толькі павышае аператыўнасць, але і ўплывае на дакладнасць і бездакорнасць службы. Нельга не сказаць і пра тое, што пасля рамонту на пошце стала асабліва прыемна абслугоўвацца. І хутка – замест трох працуюць чатыры аперацыйныя акенцы. Цяпер для кліентаў – і электронная чарга. Работнікі аддзялення, да паслуг якіх камфартабельныя кабінеты з новенькай мэбляй, пакой для прыёму ежы і нават душ, таксама не могуць нарадавацца новым умовам працы.

Кадры па-ранейшаму вырашаюць усё
Усе спецыялісты паштовага аддзялення выконваюць сваю работу на выдатна. Пасылкамі з Кітая ў гэты дзень займалася аператар Людміла Ляхновіч. Іх, дарэчы, з кожным разам становіцца ўсё больш. Як, і наогул, пасылак. Інтэрнэт-крамы развіваюцца, людзі ўсё часцей заказваюць тавары па пошце.
Сваю сталую кліентуру мае прызнаны карыфей паштовай службы аператар Таццяна Баравікова. Многія стараюцца падысці менавіта да яе акенца. Да таго ж Таццяна ведае літаральна ўсіх мясцовых жыхароў і заўсёды дапаможа, калі трэба ўдакладніць прозвішча або адрас кліента.

Заўсёды ў баявой гатоўнасці
За месяц праз паштовае аддзяленне праходзіць больш за 30 тысяч перыядычных выданняў, каля 1700 лістоў і пасылак знаходзяць сваіх адрасатаў. Нягледзячы на тое, што ў зале працуе інфакіёск, і многія аперацыі можна здзейсніць з яго дапамогай, людзі ўсё роўна становяцца ў чаргу. Супрацоўнікі кансультуюць наведвальнікаў, спадзеючыся, што аматараў электронных аперацый стане больш.
І напрыканцы. Што там казаць, пошта сёння не тая, якая была пару-тройку дзесяцігоддзяў таму. Сёння гэта комплекс, які аказвае шырокі спектр паслуг. А на такой пошце, як у Шуміліне, і працаваць, і абслугоўвацца прыемна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *