Мікалай Панкрат зрабіў шчодры падарунак Шумілінскай раённай бібліятэцы

Культура Новости

Кнігі ад полацкага калекцыянера

Палачанін Мікалай Глебавіч Панкрат – чалавек цікавы і неардынарны. Ён стваральнік прыватнага музея «Сэнс жыцця», які быў адкрыты з нагоды 90-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Першая экспазіцыя – «Эпоха Леніна», у якой сабрана каля тысячы бюстаў Леніна. Ёсць таксама Энгельс і Сталін, Горкі і Маякоўскі. Як кажа Мікалай Панкрат, гэтыя артэфакты савецкай рэчаіснасці ў музеі сабраны разам. Ёсць экспазіцыя, прысвечаная Аляксандру Пушкіну. За час існавання музей наведала каля 20 тысяч чалавек з 75 краін свету.

Мікалай Панкрат праводзіць экскурсію па сваім музеі «Сэнс жыцця» для работнікаў Шумілінскай бібліятэчнай сістэмы

У М. Панкрата трывалыя сяброўскія сувязі з нашым раёнам. У свой час Мікалай Глебавіч зацікавіўся баявым шляхам узвода пешай разведкі 348-га стралковага палка, камандзірам якога быў Г. Г. Шубін. Ён добра знаёмы з расійскім пісьменнікам Уладзімірам Аляксеевым, аўтарам кнігі «Узвод пешай разведкі», якая расказвае пра подзвіг разведчыкаў-шубінцаў. Дарэчы, у творы пераважна ахопліваюцца 1943-1944 гады, калі 51-я стралковая дывізія вяла баі ў Беларусі, у Гарадоцкім, Сіроцінскім (цяпер Шумілінскім), Полацкім і Браслаўскім раёнах.
М. Г. Панкрат сябраваў і з шумілінскім даследчыкам ваеннай гісторыі Анатолем Бычковым. Часта бываў на мішневіцкай зямлі. Як адзначае сам Панкрат, з таго часу ўсталяваліся добрыя і цесныя стасункі з шумілінцамі.
Нядаўна Мікалай Панкрат зрабіў шчодры падарунак Шумілінскай бібліятэчнай сістэме – падарыў кнігі з асабістай калекцыі. Як паведаміла дырэктар Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Барабанава, кнігі папоўняць бібліятэкі раёна.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №14 ад 21.02.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *