Сельский библиотекарь всегда в центре деревенской жизни

Главное Культура

Сельскі  бібліятэкар – у  цэнтры  вясковага  жыцця

Бібліятэка ў невялічкай вёсцы – гэта больш чым бібліятэка.  Гэта месца, дзе можна культурна адпачыць, прыйсці даведацца пра апошнія навіны, пагаварыць і сустрэцца з аднавяскоўцамі. Менавіта такая бібліятэка ў Добрыне, дзе амаль дзесяць гадоў працуе Вера Цобанава.

У Веры Пятроўны амаль дзвесце наведвальнікаў. У сваёй большасці гэта людзі пажылога ўзросту. Яны любяць класіку і любоўныя раманы. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі Наталлі Батраковай, не выходзяць з моды раманы Мележа, Быкава і Талстога. За месяц на чытацкіх абанементах землякоў мяняецца больш за трыста кніг і часопісаў, падлічыла Вера Пятроўна. А самым актыўным чытальнікам за мінулы месяц стаў былы добрынскі жывёлавод Аляксандр Іванавіч Губанаў, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку – ён прачытаў 23 кнігі.

Вера Цобанава можа гадзінамі расказваць пра чытачоў, пра іх густы і захапленні. Пра саму ж Веру Пятроўну і яе работу расказала старшыня Лаўжанскага сельсавета Святлана Кійко: «Добрынская бібліятэка – гэта цэнтр вёскі. Гэта як глыток свежага паветра. Менавіта ў бібліятэцы робім выбарчы ўчастак. Сюды прыязджае з выступленнямі народная гасцёўня з Шуміліна, тут праводзіць свае канцэрты аўтаклуб раённага Цэнтра культуры. Вера Пятроўна заўсёды ў цэнтры ўсіх вясковых падзей, ведае ўсё пра ўсіх. Не заўсёды ёсць час даехаць ва ўсе вёскі, а калі ёсць якая патрэба – тэлефаную добрынскаму бібліятэкару. Пры неабходнасці яна і ўчастковаму дапаможа, таксама часта суправаджае камісію па пажарнай бяспецы,  разносіць вяскоўцам прадпісанні па навядзенні парадку. Адным словам, з’яўляецца маім непасрэдным памочнікам, і за гэта ёй вялікі дзякуй».

Пасля нашай размовы Вера Цобанава заспяшалася да сваіх чытачоў, якія патэлефанавалі і заказалі прынесці на дом іншыя кнігі. І такія паслугі аказвае добрынскі бібліятэкар, яна ж не можа адмовіць сваім землякам. Акрамя абслугоўвання чытацкай аўдыторыі, у Веры Пятроўны і яшчэ работы ўволю, бо сельскі бібліятэкар працуе адна, яна ў адказе за ўсё:  ад справаздач і да добраўпарадкавання тэрыторыі.

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана ў №18 ад 06.03.2020

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *