Начало марта отмечено профессиональным праздником белорусской милиции

Общество

На варце парадку і спакою
Першае свята вясны – міліцэйскае. Яго адзначаюць людзі ў пагонах, тыя, хто адказвае за парадак, хто заўсёды на варце і гатовы рызыкнуць уласным жыццём дзеля спакою грамадзян.

Аляксей Захаранкаў віншуе Руслана Бруева.

На святочным мерапрыемстве старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава павіншавала супрацоўнікаў РАУС, пажадала спакойных дзяжурстваў, моцнага здароўя і дабрабыту. Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў участковаму інспектару міліцыі Дзмітрыю Ліпскаму – за добрасумленную службу ў органах унутраных спраў, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, узорнае выкананне абавязкаў.
Начальнікі РАУС Аляксей Захаранкаў павіншаваў калектыў, падзякаваў за работу, выказаў упэўненасць, што шумілінскія міліцыянеры і надалей заўсёды будуць на пярэднім краі, з годнасцю абароняць правы і жыццё грамадзян. А. В. Захаранкаў уручыў узнагароды супрацоўнікам. Медаль «За бездакорную службу» 3-й ступені атрымаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі, Ганаровую грамату УУС Віцебскага аблвыканкама – начальнік штаба Віктар Попелаў, грамату ўпраўлення ўнутраных спраў – інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандр Дземянёў, нагрудны знак «Выдатнік УУС Віцебскага аблвыканкама» – інспектар ДПС Аляксандр Багданаў. Многія супрацоўнікі за добрую работу атрымалі падзякі. Падзячныя лісты былі ўручаны бацькам маладых супрацоўнікаў – участковага інспектара Паўла Трафімава і оперупаўнаважанага Мікалая Волкава.
Асобная старонка свята была звязана з ветэранамі. Старшыня ветэранскай арганізацыі Юрый Арлоў выказаў словы ўдзячнасці і захаплення мужнасцю, адданасцю справе і ўручыў многім былым калегам граматы аддзела ўнутраных спраў.
На свяце было многа гасцей: пракурор раёна Сяргей Зайцаў, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Віктар Шышковіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валерый Жандараў, начальнік адасобленай групы АРВК Андрэй Собін. Госці прыйшлі з падзячнымі лістамі, падарункамі, вітальнымі адрасамі, пажаданнямі.
Падчас свята мужчыны-міліцыянеры павіншавалі сваіх калег-жанчын са святам 8 Сакавіка і падарылі кветкі. У гонар усіх супрацоўнікаў РАУС гучалі іх любімыя песні – такі падарунак міліцыянерам падрыхтавалі работнікі школы мастацтваў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *