Анастасия Титова выбирает биатлон

Молодёжь Спорт, туризм

Страляць трапна, бегаць хутка

12-гадовая Анастасія Цітова, сямікласніца Шумілінскай СШ №1, другі год паказвае добрыя вынікі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Біятлонам Анастасія займаецца чатыры гады.


«Пасля аднаго з лёгкаатлетычных кросаў да мяне падышоў Генадзь Мікалаевіч Салапаеў і запрасіў у біятлонную секцыю, – успамінае дзяўчына. – Паспрабавала. Спадабалася. Толькі вось сур’ёзна да трэніровак не адносілася, тады я яшчэ хадзіла на танцы і маляванне».
Усё змянілася пасля дэбюту на абласным першынстве па летнім біятлоне, які адбыўся два гады назад. Анастасія не толькі добра выступіла, трапіўшы ў прызавую тройку ў спрынце, а і адчула смак барацьбы, эмоцыі перамогі. «Дзяўчына пасля абласнога першынства пачала ўпарта трэніравацца, – расказвае трэнер Генадзь Салапаеў. – Яна зразумела, што ў біятлоне дзякуючы сваім старанням можна дасягнуць многага. Гэта стала тым пераломным момантам, калі Анастасія па-сапраўднаму ўлюбілася ў біятлон».
Не пабаяўся трэнер заявіць юную Анастасію Цітову на розыгрыш кубка Беларускай федэрацыі біятлону, які стаў для шумілінскай дзяўчыны бясцэнным вопытам. «Кожную гонку разбіралі з трэнерам, – кажа біятланістка. – Генадзь Мікалаевіч акцэнтаваў, над чым мне трэба працаваць, дзе няправільна сябе паводзіла. Гэта затым адпрацоўвалі на трэніроўках». На адным з этапаў паспрабавала Анастасія сябе ў эстафетнай гонцы і паказала годны вынік на сваім этапе.
Сёлетні розыгрыш кубка Беларускай федэрацыі біятлону для Анастасіі Цітовай даволі неадназначны. Па выніках пяці этапаў яна заняла другое месца. Хаця, як сама прызнаецца, разлічвала на перамогу. «Відаць, гэта добра, што так выступала, – самакрытычна разважае дзяўчына. – Мала трэніравалася, не поўнасцю выконвала трэнерскія ўстаноўкі. Буду ад-працоўваць свае хібы, каб да наступнага сезона быць у форме» .
Сваё будучае Анастасія Цітова звязвае толькі з біятлонам:
– У нас у Шуміліне біятлон мае добрыя традыцыі. Ганна Сола ў нацыянальнай зборнай, Вольга Гаўрылкіна і Кірыл Цюрын – у юніёрскай. Яны змаглі заявіць пра сябе ў спорце. Калі буду трэніравацца, то і я змагу паказаць сябе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №20 ад 13.03.2020 г.

Анастасія Цітова стала другой у розыгрышы кубка Беларускай федэрацыі біятлону.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *