Рабочие будни вчерашних студентов в Шумилинском районе

Молодёжь Общество

Рабочыя будні ўчарашніх студэнтаў
Як правіла, вучоба ў каледжы ці ва ўніверсітэце пралятае вельмі хутка. І калі наступае размеркаванне, нямногім хочацца ехаць у невядомасць. Большасць хоча трапіць у сталіцу, абласны цэнтр ці хаця б у буйны горад. Некаторыя па свайму жаданню выбіраюць Шуміліншчыну: тут ёсць чыгунка, па якой хутка можна дабрацца да горада.

Першае рабочае месца даспадобы Таццяне Мітронавай з Віцебска, урачу агульнай практыкі і загадчыцы Светласельскай амбулаторыі. Дзяўчына вучылася шэсць гадоў у Віцебскім медуніверсітэце, а затым яшчэ год інтэрнатуры – гэта свайго роду сертыфікацыя дыплома, без якой выпускнік не мае права займацца ўрачэбнай дзейнасцю.
У Светласельскай амбулаторыі абслугоўваюцца больш за дзве тысячы чалавек. Вядома, малады доктар яшчэ не паспела за тры месяцы работы вывучыць усіх пацыентаў, але многіх ужо ведае ў твар. Тым больш, што ездзіць па выкліках на дом, робіць падворныя абходы. Ды і за дзень на прыём да доктара прыходзяць да дваццаці чалавек. Яна выслухае, параіць, выдасць рэцэпт, выпіша накіраванне. Пасля прыёму – работа з дакументацыяй.
Пытаемся, ці страшна ўчарашняй студэнтцы быць загадчыцай  амбулаторыі. “Няма чаго баяцца, калі ўпэўнены ў сваіх ведах і сілах, – усміхаецца дзяўчына. – Работа мая мне падабаецца”.  Таццяна задаволена і заробкам: атрымлівае за месяц пяць мільёнаў. Кажа, што з першай зарплаты купіла сабе пыласос.
Дарэчы, малады доктар на работу ездзіць кожны дзень з Віцебска. Кажа, што сама адмовілася ад пакоя ў інтэрнаце, які ёй прапаноўвалі. “Дома мне жыць прасцей, – кажа дзяўчына. – Дарога не пужае. Да таго ж, ёсць вадзіцельскія правы, а бацькі давяраюць сваю легкавушку”.
Таццяна Мітронава лічыць, што сучасны доктар павінен быць энтузіястам, аптымістам і ўсебакова развітай асобай. І, як пацвярджэнне таму, у вольны час дзяўчына займаецца фітнесам. Акрамя гэтага, ужо некалькі гадоў з’яўляецца вядучай канцэртных праграм у культурным цэнтры “Віцебск”. Вяла канцэрт і на “Дажынках” у Гарадку – у райбальніцу прысылалі афіцыйны запыт праз аблздраў.
Пытаемся, ці думае Таццяна застацца на Шуміліншчыне пасля абавязковай адпрацоўкі. “Можа быць. Шуміліна мне падабаецца, – адказала малады доктар. – Жыццё непрадказальнае. Хто ведае, можа, я тут сустрэну свайго суджанага”.
Станіслаў Прасветаў працуе ў РЭС –  рамантуе трансфарматарныя
падстанцыі. Як электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак, разам з брыгадай РЭС ездзіць па раёне, па чарзе правярае і даводзіць да ладу  453 трансфарматарныя падстанцыі Шуміліншчыны. “Галоўнае ў рабоце – акуратнасць і строгае захаванне тэхнікі бяспекі, – з усёй упэўненасцю кажа хлопец. – У політэхнічным каледжы далі добрыя веды, цяпер іх прымяняю на практыцы.  Яшчэ будучы студэнтам, я ведаў, што заробак у мяне будзе  крыху больш за тры  мільёны. Думаю здаваць экзамен на чацвёрты разрад – тады зарплата будзе большай”.
Станіслаў Прасветаў мясцовы, з Шуміліна. І калі пасля заканчэння вучобы яго размеркавалі ў раён электрасетак, нават  абрадаваўся. Радзіма ёсць радзіма: тут знаёмыя, сябры. Да таго ж, адразу адпала некалькі праблем: не трэба шукаць жыллё, купляць мэблю.  А з першага заробку хлопец купіў кухонны камбайн. Гэта быў падарунак для маці, каб аблегчыць работу на кухні.
У вольны час Станіслаў займаецца спортам. Любіць футбол, даспадобы і валейбол – у хлопца першы дарослы разрад па гэтаму віду спорту. Ён  з’яўляецца інструктарам па спорце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Хлопец сур’ёзна разважае над жыццём, думае пра перспектывы. Кажа, што ў будучым у яго абавязкова будуць уласная сям’я і дзеці. Прычым, хоча жыць асобна ад бацькоў. Таму загадзя плануе будаваць ці купляць жыллё. Вельмі хочацца, каб яно было ў райцэнтры, бо раёну электрасетак патрэбны  маладыя перспектыўныя работнікі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 08.11.2014 г.



2 комментария по теме “Рабочие будни вчерашних студентов в Шумилинском районе

  1. А почему не написали, что Татьяна Митронова родом из ШУмилино и училась в первой школе? Это важный факт!

  2. Для Шумилино — неплохая зарплата. Хотя, конечно, что такое сейчас пять миллионов. А учиться 7 лет пришлось.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *