І зноў Марыя Скорынава. І зноў перамога

Культура Навіны

На сцэне Белгарадскай філармоніі

І зноў Марыя Скорынава. І зноў перамога. Таленавітая вучаніца Таццяны Гутаравай з Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў не стамляецца здзіўляць нас сваімі дасягненнямі.


На гэты раз Маша Скорынава атрымала другую прэмію на конкурсе таленавітых выканаўцаў у сферы музычнага мастацтва II «BelgorodMusicFest–Competition 2020». На сцэне Белгарадскай філармоніі Марыя бліскуча выканала «Такаціну» Мікалая Капусціна і «Прэлюдыю» Сяргея Рахманінава.
Талент юнай шумілінскай піяністкі высока ацаніла журы ў складзе аўтарытэтных дзеячаў мастацтваў, у тым ліку вядомага джазавага віяланчаліста з Нью-Ёрка Барыслава Струлёва, а таксама генеральнага дырэктара Асацыяцыі лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага Андрэя Шчэрбака.
Прэмія ў памеры 10 тысяч расійскіх рублёў, пераможны кубак, запрашэнне на выступленне з сімфанічным аркестрам Белгарадскай філармоніі падчас адкрыцця наступнага канцэртнага сезона, сертыфікат на ўдзел у майстар-класах у Маскве з вядучымі педагогамі. І гэта яшчэ не ўсе ўзнагароды. У ліку чатырох прызёраў Марыя атрымала сертыфікат на ўдзел у ХI Міжнародным юнацкім конкурсе імя П. Чайкоўскага.
Дарэчы, у Белгарад Марыю запрасілі пасля завочнага відэаадбору. Аргкамітэт музычнага фэсту аплаціў пражыванне канкурсантаў і іх суправаджаючых у гасцініцы Белгарадскай філармоніі, а таксама трохразовае харчаванне, што таксама немалаважна.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з асабістага архіву Скорынавых.
Апублікавана ў №20 ад 13.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *