Аляксей Шпакаў: Лічу, што работа калектыву летась была выніковай

Главное Экономика

Ствараць камфорт для людзей

Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна – даволі складаная сістэма, вырашыць усе ўзнікаючыя жыццёвыя праблемы на сто працэнтаў практычна немагчыма. І ўсё ж, мяркуючы па тым, як прыгажэе наш раённы цэнтр, змяншаецца колькасць пісьмовых скаргаў і тэлефонных званкоў, можна зрабіць вывад: калектыў УП ЖКГ са сваімі службовымі абавязкамі спраўляецца нядрэнна.
Пра будні прадпрыемства гутарым з дырэктарам прадпрыемства Аляксеем Арцёмавічам ШПАКАВЫМ.


– Служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі шматгранная. Прадпрыемства ўключае шэсць структурных падраздзяленняў, у якіх працуюць больш чым 300 работнікаў. Сёння асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца: вытворчасць цеплавой энергіі, тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, збор і вываз цвёрдых бытавых адыходаў, добраўпарадкаванне і інш. Галоўнае прызначэнне камунальнікаў – служыць людзям.
– Раскажыце пра вынікі работы арганізацыі ў 2019 годзе.
– У цэлым лічу, што работа калектыву летась была выніковай. З пастаўленымі задачамі ў большасці справіліся. Так, за мінулы год прадпрыемства атрымала прыбытак каля 366 тысяч рублёў, гэта 193,6% да ўзроўню 2018 года. Рэалізавана 53,7 тысячы гігакалорый цеплавой энергіі, у тым ліку 42,5 тысячы гігакалорый – насельніцтву. Падобных паказчыкаў можна прыводзіць шмат.
– Што вы можаце сказаць пра кацельні, цеплавыя сеткі?
– На балансе ў нас 17 кацельняў, дзве з іх працуюць на прыродным газе, тры – камбінаваныя, астатнія – на дрывах. Падача спажыўцам цеплавой энергіі – адна з галоўных задач, якая стаіць перад прадпрыемствам. Мы прыкладаем максімум намаганняў для таго, каб дастойна яе выконваць. Сёлетні ацяпляльны сезон праходзіць спакойна, без надзвычайных здарэнняў. Значыць, падрыхтаваліся да зімы добра.
Самая сур’ёзная ўвага надаецца пытанню энергазберажэння. У мінулым годзе на кацельнях у Амбросавічах і Башнях былі ўстаноўлены энерга-эфектыўныя катлы на мясцовых відах паліва, мадэрнізавалі 7 цеплавых пунктаў у Шуміліне і адзін у Обалі, што да-зволіла палепшыць гарачае водазабеспячэнне. Як вынік, за мінулы год сэканомлена 308,85 тоны ўмоўнага паліва, што складае каля 146 тысяч рублёў. Шмат робіцца для таго, каб знізіць сабекошт адзінкі цяпла. Работа будзе працягвацца і сёлета: энергаэфектыўныя катлы на МВП будуць устаноўлены ў Мішневічах і Дабеі. У планах – мадэрнізаваць 5 цеплавых пунктаў.
Асобна хочацца расказаць пра замену цепласетак на сучасныя ПІ-трубы. Работа вядзецца ўжо некалькі гадоў. Усяго ў нас на абслугоўванні 61,3 км цепласетак, з іх 43,38 км – ПІ-трубы (амаль 71%). На гэты год плануем замяніць 5 км цепласетак у Шуміліне і каля кіламетра ў Обалі.
У сукупнасці гэта дало магчымасць знізіць цеплавыя страты да 10,8%. Для параўнання, у 2012 годзе цеплавыя страты складалі 21,2%.
– Многія людзі, якія прыязджаюць у Шумі-ліна, адзначаюць чысціню і парадак на вуліцах, мноства кветак…
– Добраўпарадкаванне і азеляненне населеных пунктаў – адзін з асноўных напрамкаў нашай работы. Так, толькі за мінулы сезон у райцэнтры было высаджана каля 40 тысяч кветак.
На балансе УП ЖКГ 216 км вуліц і дарог у раёне, з іх 18 км – у Обалі і 48 км – у Шуміліне. Ямкавы рамонт вулічнага пакрыцця летась быў выкананы на плошчы 1067 кв. метраў, бягучы рамонт дарог – на плошчы 14135 кв. метраў. Зразумела, што работы будуць працягвацца і сёлета.
– Аляксей Арцёмавіч, зараз працуе агульны нумар 115 для заявак насельніцтва на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Што змянілася ў рабоце вашай арганізацыі і, наогул, колькі званкоў паступае ад жыхароў нашага раёна?
– Калі сказаць шчыра, у нашай рабоце нічога не змянілася. Калі ўзнікае праблема – нам неабходна як мага хутчэй яе ліквідаваць. Што мы і робім. А колькасць званкоў залежыць ад месяца і ўмоў надвор’я. Ёсць сезонная спецыфіка. Напрыклад, падчас снегападаў колькасць заявак узрастае і да 700 у месяц. У сярэднім за месяц бывае пад 500 заявак.
– Але не толькі работай жыве калектыў УП ЖКГ. Работнікі прадпрыемства актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных, культурных мерапрыемствах.
– Адразу адзначу, што адміністрацыя і прафсаюзны камітэт робяць стаўку на прапаганду ў калектыве здаровага і актыўнага ладу жыцця. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Каманда УП ЖКГ удзельнічае ва ўсіх раённых спартыўных стартах, а па некаторых відах, напрыклад, гіравым спорце, мы звычайна ў лідарах. Прафсаюзная арганізацыя аплачвае заняткі нашых работнікаў у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Традыцыйнай стала і спартакіяда сярод усіх участкаў і падраздзяленняў нашага прадпрыемства.
Ёсць сярод нашых работнікаў таленавітыя спевакі і танцоры, гумарысты і фотааматары, якія маюць дыпломы раённых і абласных конкурсаў «Песні юнацтва нашых бацькоў», абласнога КВЗ, фотаконкурсу «Прафесія ў асобах» і іншых. Сярод апошніх падзей назаву паездку ў аквапарк «Лябяжы» ў Мінск.
– Што б вы хацелі пажадаць свайму калектыву напярэдадні прафесійнага свята?
– Самая вялікая каштоўнасць прадпрыемства – яго работнікі. Кожны з нас – малая частка аднаго вялікага і складанага механізма. Вынік работы ўсяго калектыву залежыць ад старання кожнага, пачынаючы ад прыбіральшчыцы і заканчваючы дырэктарам. Аснова калектыву – актыўныя, ініцыятыўныя, адказныя і адукаваныя людзі. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ветэранаў галіны з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, міру і дабрабыту ў сем’ях, далейшых працоўных поспехаў. Няхай у вашых дамах пануе камфорт, цяпло і ўтульнасць!
Гутарыў Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №22 ад 20.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *