Прагулка на лодцы і катамаране – у Ляўшах
Ліпень у Беларусі аб’яўлены месяцам актыўнага турызму, які закліканы прыцягнуць увагу да магчымасцей актыўнага адпачынку ў краіне і садзейнічаць папулярызацыі яе ўнікальнай прыгажосці.
У нашым раёне ёсць патэнцыял для развіцця актыўнага турызму. У нас прыгожы ландшафт, чыстыя азёры і рэкі, вялікія балоты. Ёсць магчымасць арганізаваць пешаходны, веласіпедны і водны турызм. У гэтым накірунку працуюць Таццяна і Павел Дзмітрыевы, гаспадары аграэкасядзібы ў Ляўшах. Раней яны прапаноўвалі сваім наведвальнікам толькі пешы турызм. Нядаўна купілі тры веласіпеды, адзін з якіх дзіцячы. Адпачываючыя з Мінска, Маладзечна, Магілёва, Полацка, Наваполацка, Санкт-Пецярбурга з ахвотай займаліся веласіпедным турызмам, выязджалі з Ляўшоў у Обаль. Адзначалі, што ў Обалі ёсць што паглядзець. Асабліва спадабалася сядзіба Грабніцкіх. Пад уражаннем засталіся ад наведвання Обальскага музея і Свята-Ануфрыеўскага храма.
А цяпер гаспадары аграэкасядзібы ў Ляўшах прапаноўваюць сваім наведвальнікам і водны турызм – купілі пластыкавую лодку і катамаран. Распрацавалі маршрут уверх па цячэнні па рацэ Обаль. Для навічкоў ён складае каля двух кіламетраў, для больш вынослівых – больш за тры. Дзмітрыевы гатовы суправаджаць турыстаў па іх жаданні. Але, улічваючы, што на лодцы і катамаране змяшчаюцца па два-тры чалавекі, адпачываючыя могуць сплаўляюцца па рацэ самастойна. Ёсць магчымасць не толькі палюбавацца навакольнай прыгажосцю, але заадно і парыбаліць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

