Аднойчы гадоў праз 40

Общество Экономика

Аднойчы гадоў праз 40
Фельетон

Ну, хто, скажыце, думае пра пенсію, пакуль малады. Быццам падумаць няма пра што. Пра каханне хаця б, пра радасць жыцця, пра непаўторнасць імгнення… А можна і, наогул, ні пра то не думаць, каб не хвалявацца па пусцяках.
Не, вось Колька Байбак шмат думаў – была ў яго такая магчымасць. Праўда, выходзіла ўсё больш пра несправядлівасць жыцця, пра збег абставін і тленнасць быцця. У турме ён бываў. Часта. Вось і думаў. А што ж яшчэ рабіць, як не думаць? Уяўляў, як зажыве, калі выйдзе. Выходзіў. І ў хуткім часе – зноў назад. Так атрымлівалася. Быццам нейкая сіла цягнула за краты. Тады прызвычаіўся. Чалавек да ўсяго прызвычайваецца – такая жывёліна.
Але аднойчы зразумеў Колька, што жыццё прайшло. Не тое, каб зусім, але лепшыя гады ўжо за плячамі. Наперадзе – старасць, хутчэй – адзінокая. Сям’ёй не абзавёўся, дзетак няма, бацькі сканалі. Страшнавата стала. Ад некалі задзірыстага і ўпэўненага ў сабе “героя” ўжо нічога не засталося. І вырашыў Колька жыццё сваё хаця б пад старасць неяк уладкаваць. Ну, а што? Ён усё асэнсаваў, усвядоміў – гатовы жыць сумленна. Ні на што іншае, думае, сіл ужо і не засталося.
Пачаў жанчыну сабе шукаць, як водзіцца, па перапісцы. І знайшоў. Добрая кабета, даярка. Кацярына. Дзеці ў яе выраслі, мужа даўно кінула – спіўся нягоднік. А мужыка ў доме хочацца. А чым ён, Колька, не мужык. Праўда, як з жанчынамі – дык развучыўся, не памятае. Але, думае, сарыентуюся. Яна ж таксама жыццём не пешчаная. А шкадаваць павінна. Такая яна, доля жаночая, – мужыка шкадаваць. А Кольку шкадаваць-не перашкадаваць: яму ж такое жыццё нялёгкае выпала. Зразумела ж любому, што ён ні ў чым не вінаваты. Так зоркі зышліся.
І яна, Кацярына, зразумела гэта яшчэ па перапісцы. І з нецярпеннем чакала, пакуль скончыцца апошняя “камандзіроўка” чалавека. Гэта ж без яе ён мучыўся па жыцці, сноўдаў, бы той нікому не патрэбны сабака ў завіруху. Мёрз без жаночай цеплыні. Яна адагрэе. У яе назапасілася той цеплыні – і ні на аднаго Кольку б хапіла.
І ўрэшце, прыйшоў ён. З хатульком за плячыма – усё нажытае. І погляд пабітай сабакі, і постаць, прыгнутая да зямлі, як у вечна вінаватага, і на костках – адна скура. Карацей, самае яно, усё, як любяць жанчыны, усё, да чаго можна прыкласці гарачае сэрца, у наяўнасці.
Сталі жыць. Пакуль “адыходзіў” ад перажытага, бегала вакол Кацярына, адмывала, адагравала. Карміла смачна, касцюм прыстойны справіла, кашулю. Але ж хутка стала відавочна, што адной яе сціплай пенсіі ніяк не хопіць працягнуць хоць і кволага, але мужыка. Трэба і яму за пенсію хадайнічаць, як ні як – узрост і ўсё такое. Дзяржава ж не кіне састарэлага без сродкаў да існавання. Не гуманна гэта, ды і наогул – ячэйка грамадства абяцае нарадзіцца, а сродкаў няма.
І пайшлі яны туды, дзе за пенсію дамаўляюцца. Дакументы ўсе сабралі – без дакументаў жа нікуды. Справіліся. Чакаюць. Вядома, на нейкія завоблачныя грошы ніхто не разлічваў, але што сума акажацца настолькі мікраскапічнай, не чакалі. Як прыладзіць гэтыя грошы? Ніяк.
Пайшлі зноў туды, дзе за пенсіі дамаўляюцца, – разбірацца. Там патлумачылі, што стажу няма, таму і пенсія маленькая. А як жа той стаж заробіш, з турмаў не выходзячы? Ды і калі гэта было? Цяпер жа ён, Колька Байбак, сумленны грамадзянін, да таго ж састарэлы, і гэта калі пра здароўе не ўспамінаць. А састарэлым разам з узростам і павага, і клопат патрабуюцца – гэта ўсе ведаюць. А на тыя капейкі хіба ката пракорміш.
А там упёрліся і ўсё, ніякіх, кажуць, паслабленняў у такой сур’ёзнай справе не бывае. Працаваць трэба было ўсё жыццё, а не па турмах прахалоджвацца. Але ж хіба ж яго воля – саджалі, дык і сядзеў. А так бы абавязкова працаваў, і стаж той сабраў. Стала зразумела, што ніякія лагічныя довады пенсіі не дабавяць. Трэба нешта кумекаць, неяк выходзіць з палажэння.
Думалі-думалі і прыдумалі. Гэта ж у Колькі стажу няма, а ў Кацярыны гэтага стажу – заваліся. Дык яна ім падзеліцца – хіба шкада. А краіне, ёй якая розніца, хто гэты стаж нарабляў, спіны не разгінаючы. Там на дзве пенсіі хопіць. І зноў пайшлі туды, дзе за пенсіі дамаўляюцца. Толькі і такі, з усіх бакоў бездакорны, варыянт там нікога не задаволіў. Кожнаму, адказалі,  трэба самому
свой стаж зарабляць.
Нічога. Будзем прэзідэнту пісаць, вырашылі Колька з Кацярынай. Гэта ж самаўпраўства нейкае, не дазваляць грамадзянам сваім стажам па сваім меркаванні распараджацца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2016 г.



1 комментарий по теме “Аднойчы гадоў праз 40

  1. Тема, высосанная из пальца. И не фельетон это вовсе. Жаль, что на фельетоны не хватает вам духу…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *