На мотоцикле — в подъезд

Закон Общество

На матацыкле – у пад’езд
У мінулым годзе раённая газета расказала пра ўзорны пад’езд дома № 77 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне: тут жыхары сваімі сіламі зрабілі рамонт, размалявалі сцены. Тут прыгожа і сёння, але ж пад’езд ператварыўся…  у міні-гараж.
Прызнацца, яшчэ ніколі не бачыла, каб у пад’ездзе шматпавярховага дома захоўвалі матацыклы.  Здаецца, калі б дазволілі памеры дзвярнога праёма, то сюды б і легкавушку загналі.
Гутарым з жыхарамі пад’езда. “Ды гэта яшчэ што – сёння адзін матацыкл, а звычайна тут паркуецца два, – махнулі рукой жанчыны. – Ля батарэі ім цёпла і суха.  І гаспадароў матацыклаў не хвалюе думка астатніх жыхароў пад’езда наконт такой паркоўкі. Ні ў каго дазволу не пыталіся, ставяць вечарам матацыклы, а раніцай едуць на іх на работу. І так паўтараецца кожны дзень”.
Пакуль жыхары дома № 77 абураюцца толькі самі сабе.  Як кажуць, пагаварылі  – і разышліся, нікуды не звяртаюцца, не хочуць псаваць адносіны з суседзямі.
“У такім разе трэба вызначыцца, чаго людзі жадаюць: парадку ў пад’ездзе, ці захавання з усімі суседзямі сяброўскіх адносінаў,  – кажа вядучы юрысконсульт УП ЖКГ Я. І. Дзяменцьеў. –  Я б параіў проста патэлефанаваць у дыспетчарскую камунгасу і расказаць пра гэту праблему”.
Дарэчы, згодна з “Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў” забараняецца загрувашчваць месцы агульнага карыстання – лесвічныя клеткі, калідоры, пляцоўкі. У тым ліку і матацыкламі.  У адваротным выпадку прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне. Мінімальны штраф – 1,3 мільёна рублёў, максімальны – 3,9 мільёна. А паколькі ў пад’ездах забараняецца захоўваць гаручыя і выбуховыя рэчывы (ў паліўным баку матацыкла знаходзіцца бензін), складваць пратакол будуць не толькі спецыялісты камунгасу, але і райаддзела па надзвычайных сітуацыях”.
Захоўванне матацыклаў у пад’ездах і падвалах – гэта парушэнне “Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, дадаў інспектар пажарнага нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксей Лявонаў. За гэта пагражае штраф да 30 базавых велічынь.
Людміла ЗУЙКОВА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *