Рамонт пад’езда. Што вырашаюць жыхары, і ці могуць яны выканаць работы самастойна

Новости Общество

Рамонт пад’езда. Што вырашаюць жыхары, і ці могуць яны выканаць работы самастойна

З пачатку гэтага года ўступіла ў сілу Пастанова Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2019 года № 14 «Аб змяненні пастаноў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 мая 2013 г. № 12 і ад 30 сакавіка 2016 г. № 5».
У дакументах падрабязна распісана, за што плацяць уласнікі (наймальнікі) кватэр, на што яны могуць паўплываць. Нюансы заканадаўства і пытанні, якія часта ўзнікаюць, мы папрасілі патлумачыць галоўнага інжынера УП ЖКГ Максіма Русецкага.

Хто вырашае?

1. Камунальная служба
Рашэнне камунальныя службы прымаюць па выніках штогадовых планавых аглядаў дома, якія звычайна праводзяцца двойчы на год. «Калі сцены аблезлі, размаляваныя, падрапаныя, ёсць дэфекты інжынерных сістэм (трубаправодаў, ацяпляльных прыбораў), пад’езд прызнаецца маючым патрэбу ў абнаўленні, – тлумачыць Максім Русецкі. – Складаецца дэфектны акт, і пад’езд уносіцца ў графік бягучых работ».
Камунальныя службы абавязаны як мінімум за месяц да пачатку рамонту даць жыхарам інфармацыю аб планах правядзення работ. Тэрміны рамонту, віды работ, арыенціровачны кошт – гэтыя пытанні абмяркоўваюцца на агульным схо-дзе жыхароў пад’езда.
Сход жыхароў пад’езда праводзіцца не пазней чым за 10 дзён да пачатку рамонту, каб вызначыць пералік і якасць матэрыялаў, узгадніць каляровае рашэнне, абраць упаўнаважаную асобу з ліку жыхароў для прыёмкі выкананых работ. З кожным уладальнікам кватэры заключаецца дагавор.
ВАЖНА! Калі ўжо камунальнікі прынялі рашэнне рамантаваць, адмовіцца немагчыма. Можна толькі пракантраляваць якасць работ.
За 2016-2019 гады УП ЖКГ адрамантавала каля 40 пад’ездаў.
2. Самі жыхары
Тады рамонт называецца пазапланавым. Атрымаўшы заяўку, ЖКГ арганізуе сход ці пакватэрнае апытанне жыхароў пад’езда. У гэтым выпадку хопіць згоды ўладальнікаў большасці (50% + 1) кватэр, каб прыступіць да работы. Але аплачваць рамонт будуць усе гаспадары кватэр у пад’ездзе.
Потым складаецца акт агляду пад’езда, дэфектныя акты і вызначаецца агульны кошт выдаткаў. З імі знаёмяць жыхароў, з усімі складаюць дагавор, уносіцца плата, і пачынаецца бягучы рамонт.
Як адзначыў галоўны інжынер, за апошні год жыхарамі было адрамантавана 8 пад’ездаў.
3. Толькі частка жыхароў
Бывае так, што толькі адна пляцоўка хоча рамонту. Уладальнікі кватэр з пляцоўкі заключаюць дагавор і аплачваюць работы толькі на сваім паверсе. І такі варыянт лічыцца адным з найбольш аптымальных.
Ва ўсіх варыянтах работы па рамонце пад’езда могуць выконваць як самі жыхары (па іх жаданні), так і работнікі УП ЖКГ.

Перад капрамонтам
За апошнія 3 гады ў нашым раёне 10 дамоў капітальна рамантаваліся. Рамантаваць пад’езд у доме, які стаіць у праграме капрамонту, бессэнсоўна. Пры капрамонце ўскрыюць дзе-нідзе сцены, каб памяняць камунікацыі, – і тады ўсе папярэднія намаганні прападуць.
«Спачатку – капрамонт, бо пасля завяршэння работ усе парушаныя элементы ў пад’ездах поўнасцю аднаўляюцца, – расказвае Максім Русецкі. – Калі жыхары лічаць, што пасля гэтага патрэбны рамонт пад’езда, ён робіцца за кошт жыхароў. Так, напрыклад, адбываецца рамонт у адным з пад’ездаў дома № 2 па вуліцы Шумілінская».

Што ўваходзіць ?
Пастановай Мінжылкамгасу № 12 ад 4 чэрвеня 2014 г. устаноўлены пералік работ у пад’ездзе, якія выконваюцца за кошт жыхароў. Жыхары аплачваюць:
рамонт выбоін, расколін у сценах і падлогах;
аднаўленне тынкоўкі, выраўноў-ванне сцен і столяў пад’ездаў;
работы па рамонце, замене пакрыцця падлогі пад’езда;
малярныя работы (у тым ліку афарбоўка сцен, столяў, вокнаў і дзвярэй, трубаправодаў, ацяпляльных прыбораў, паштовых скрынь, рашотак, поручняў).
Калі такія работы неабходна праводзіць у тэхнічных памяшканнях жылога дома, то іх аплачвае УП ЖКГ.

Колькі каштуе?
«Разабрацца з гэтым пытаннем даволі складана, – адзначае Максім Русецкі. – У кожным выпадку аб’ёмы работ розныя, значыць, і агульны кошт таксама. Каб зменшыць кошт рамонту, камунальнікі закладваюць мінімальныя кошты на выкананне работ, да таго, частку работ могуць выканаць самі жыхары».
Агульны кошт рамонту размяркоўваецца паміж жыхарамі ў залежнасці ад плошчы кватэры, а не колькасці людзей, якія там пражываюць. Рашэнне гэта нарматыўна замацавана.
Кошт рамонту пад’езда ўключаецца ў жыроўкі. Звычайна УП ЖКГ яшчэ на стадыі ўзгаднення цэны вызначае, разавы будзе плацёж або яго разаб’юць на тры месяцы. Трохмесячную растэрміноўку УП ЖКГ можа прапанаваць і тым, хто робіць рамонт толькі на сваёй пляцоўцы.

Вандалізм
Існуе меркаванне, што пасля абнаўлення месцаў агульнага карыстання жыхары больш уважліва сочаць за парадкам. Такая пазіцыя тлумачыцца патрабаваннямі пункта 1.6 Указа Прэзідэнта ад 31 снежня 2015 г. № 535 «Аб прадстаўленні жыллёва-камунальных паслуг». У ім гаворыцца, што работы па ліквідацыі пашкоджанняў вандальнага характару, надпісаў і малюнкаў у пад’ездах камунальная служба павінна выканаць на працягу месяца, а аплачваюць іх жыхары па правілах аплаты бягучага рамонту.
Калі ж міліцыя знойдзе шкод-ніка, то расплачвацца будзе ён, а ўласнікам вернуць ужо ўнесеныя праз жыроўкі сродкі. Пры гэтым ніякіх сходаў не праводзяць. Камунальнікі толькі размесцяць адпаведную аб’яву.
Ва УП ЖКГ адзначаюць, што ў асноўным пэцкаюць сцены і іх прыходзіцца зафарбоўваць. Прычым не часткова, як на фасадах, а па ўсёй плошчы сцяны. «Апошнім часам у камунальнікаў такіх клопатаў няма», – канстатуе Максім Русецкі.

Як часта рамантаваць?
«Калі жыхары свядомыя, матэрыялы якасныя і пасля доўгага часу эксплуатацыі «знос» нязначны, то камісія з УП ЖКГ проста не прыме рашэнне рабіць рамонт і жыхарам не прыйдзецца зноў плаціць за рамонт свайго пад’езда» – тлумачыць галоўны інжынер.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №84 ад 27.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *