Парикмахер из Шумилино Елена Дементей дарит людям красоту

Общество

Майстар прыгажосці

Алена Дземянцей – цырульнік 4 разраду КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна. За трынаццаць год работы на прадпрыемстве Алена Міхайлаўна напрацавала аўтарытэт класнага майстра, давер і павагу кліентаў.
Яна цырульнік-універсал – ёй падуладны як жаночыя, так і мужчынскія прычоскі. А яшчэ Алена майстар па манікюры. Прызнаецца, што ёй аднолькава падабаецца і манікюр рабіць, і прычоскі, падабаецца рабіць людзей больш прыгожымі, упэўненымі і шчаслівымі.
Сярод яе кліентаў не толькі жыхары Шуміліна, але і раёна. Раз на ты-дзень Алена Дземянцей адпраўляецца на раён з выязнымі сеансамі прыгажосці. Пакуль што яе паслугамі карыстаюцца жыхары Мікіціхі, Слабады, Мішневіч і Башнёў, але прадпрыемства мае намер пашыраць геаграфію.
Паколькі Алена больш працуе з жаночымі прычоскамі, таму і расказвае больш пра іх, пра тое, што сёння жанчыны больш схіляюцца да натуральнага: колеру валасоў, стрыжак. Каля двух дзясяткаў пастаянных кліентак – з першых год яе работы, і Алена Міхайлаўна ведае асаблівасці валасоў кожнай, іх пажаданні. І стараецца апраўдаць чаканні.
На дзень нашай сустрэчы (18 сакавіка) у цырульні кліентаў не было.
– Першая вясенняя хваля схлынула перад 8 сакавіка, цяпер трэба чакаць пачатку красавіка, – кажа Алена. – А наогул, тыя часы, калі ў нашай цырульні ў змену працавала па чатыры майстры, і ўсе былі занятыя, мінулі. Апроч нас сёння ў Шуміліне восем прыватных цырульняў, ды і Віцебск побач. Таму змагаемся за кожнага кліента.
У Алены Дземянцей гэта атрымліваецца добра.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №22 ад 20.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *