О чём писал «Герой працы» двадцать лет назад.

Общество

Эх вы, цэны, эх, купоны!..
Гісторыю не перапішаш. Яна праходзіць праз сэрца кожнага, і няхай у яе шмат ад суб’ектыўнага, усё ж ніхто не стане спрачацца, што 1992-і год для Беларусі быў цяжкім і няпростым.
Уводзяцца купоны — унікальная з’ява ў эканамічнай прасторы. Яны ходзяць паралельна з грашыма. У № 2 газеты журналіст у нататцы “Эх вы, цэны!..” так і піша: “З’явілася праблема — купоны”. Менавіта праблема. І галаўны боль. Асабліва для людзей састарэлых. Яны губляліся пры разліках у магазіне. Ды і больш маладым “матэматыка” гэта давалася нялёгка. І пра цэны — яны рваліся ўвысь. Як, дарэчы, было і нядаўна, у 2011-ым. З той розніцай, што тавараў тады на паліцах бо кот наплакаў. У артыкуле “Эх вы, цэны!..” даецца сумная “арыфметыка”: у магазіне “Прадукты” ўсяго 11 назваў тавараў.  Бляшанка тушанай ялавічыны, напрыклад, месяц назад каштавала 5 руб.70 кап., на пачатку 1992-га — 14 руб. 25 капеек. Вось такі разгул цэн?! Дарэчы, цэны на малочныя прадукты і хлеб не змяніліся.
Цэны, паўторымся, не зацугляць. Яны, як наравісты конь. Кіраўніцтва маладой рэспублікі, па ўсім відаць, у разгубленасці. Газета змяшчае артыкул “Чацвёртая ўлада”, у якім гучыць трывога за лёс газеты. Чытачоў просяць дапамагчы раёнцы, пералічваць на разліковы рахунак хто колькі можа. А праз месяц на пасяджэнні выканкама раённага Савета народных дэпутатаў разглядаецца фінансаванне прадпрыемстваў і арганізацый. Для рэдакцыі патрэбна  600 тысяч рублёў. Устае адзін з кіраўнікоў Обалі і гаворыць: “Закрыць газету. Сёння ім 600 тысяч, праз год папросяць паўтара мільёна”. Вось такая пазіцыя. Грошы, аднак, знайшліся, хаця і цыркалі іх па кроплі…
У 1992-ім ішла зацятая кампенсацыйная “бойка”.  Калгас імя Леніна ацяпляў дзіцячы сад, жыллё, у якім пражывалі, акрамя калгаснікаў, работнікі іншых арганізацый. І старшыня гаспадаркі падае рахункі райбальніцы, мясцоваму сельсавету кампенсаваць выдаткі за сваіх работнікаў. Праўда, спачатку з’яўляецца артыкул старшыні Светласельскага сельскага Савета пад назваю “Хто шалее з раскошы, а хто лічыць апошнюю капейку”, а ў канцы лістапада  на першай старонцы газета публікуе калектыўнае пісьмо калгаснікаў калгаса імя Леніна ў падтрымку пазіцыі свайго старшыні. Наспявала “рэвалюцыйная сітуацыя”, якую даводзілася “разрульваць” мясцовай уладзе. Тэме кампенсацыі за выдаткі прысвечаны артыкул “Хто рассячэ гордзіеў вузел?”. Калі коратка, ПМК-25 меліярацыі, на балансе якой дзіцячы сад, збірае сродкі з арганізацый, работнікі якіх водзяць у гэты садок сваіх дзяцей. Адмаўляюцца плаціць райсельгасхімія, ПМК-70, сырзавод. Ад “чужых” дзетак завісла ў ПМК-25  14 тысяч рублёў. Гэта былі тады немалыя грошы. Настойліва дамагаўся збавіцца ад дзіцячага садка Обальскі керамічны завод.
1992 год стаў, калі хочаце, годам грунтоўнага аналізу спраў у райаграпрамтэхніцы. У красавіку даецца аналітычны артыкул “Без наркозу і пакут”,  а неўзабаве чытачу прапануецца інтэрв’ю з дырэктарам прадпрыемства, дзе адзначаецца, што тут трымаюць табун коней у 50 галоў, з іх 5 элітных жарабкоў, а праз сем месяцаў дырэктару рабочыя аказваюць аглушальны недавер. Газета змяшчае нататкі са сходу. Дарэчы, тэма недаверу мела свой працяг: у канцы года пакідае пасаду дырэктар райбыткамбіната.
Думаю, даспадобы чытачу ў тым годзе прыйшоўся артыкул П. У. Іванова (ураджэнца в. Трыпутні, што была на Мішневіччыне) “Земскі ўрач”,  разважанне журналіста аб увядзенні прыбудовы да СШ № 2 у Шуміліне, аб цяжкай восені механічнага завода, аб тым, што Обальскі керамічны завод яшчэ не адчувае цяжару ад эканамічнай неразбярыхі: за 8 месяцаў выпушчана 71 мільён 725 тысяч штук цэглы, хаця намячалася выдаць яе 69 мільёнаў 845 тысяч, і яна не залежваецца. З літаратурных жанраў прыстойна выглядалі дэтэктыўнае апавяданне Уладзіміра Гутарава “Адкладзены водпуск”, абразок Івана Барадуліна “Вераб’іная лазня”, многія вершы нашых землякоў і не толькі.
І апошняе, ствараецца ўражанне, што менавіта пачатак 90-х гадоў пачаў пераарыентацыю чалавека на матэрыяльнае, меркантыльнае ўзамен духоўнаму. Пра гэта, на маю думку, сведчыць і такі  факт: тыраж газеты з 5629 экземпляраў на пачатку 1992 года “споўз” да 4410 у канцы снежня. Хаця тут, вядома ж, адыграла сваю ролю і цэнавая палітыка, і час дэфіцытаў, беспрацоўя, і неразбярыхі ў эканоміцы маладой краіны.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *