Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў мы сустрэліся з галоўным урачом Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Святланай ЛІНКЕВІЧ і пагаварылі пра сённяшні стан медыцынскай галіны раёна і бліжэйшыя перспектывы развіцця ўстановы аховы здароўя.
– Святлана Уладзіміраўна, што ўяўляе медыцынская галіна Шуміліншчыны на сённяшні дзень?
– Установа аховы здароўя «Шумілінская цэнтральная раённая бальніца» ўключае цэнтральную паліклініку на 200 наведванняў за змену, кругласутачны стацыянар на 108 ложкаў, дапаможныя дыягнастычныя кабінеты, такія, як лабараторыя, кабінет ультрагукавых даследаванняў, рэнтгенкабінет, кабінет эндаскапіі і фукцыянальнай дыягностыкі, 5 амбулаторый урача агульнай практыкі, 10 ФАПаў, 1 перасоўны ФАП. Гэты комплекс дазваляе забяспечыць якасць і даступнасць медыцынскіх паслуг насельніцтву раёна ў поўным аб’ёме.
– Як вядома, узровень аказання медыцынскай дапамогі ў многім залежыць ад наяўнасці кадраў, іх прафесіяналізму.
– Сёння ва ўстанове працуюць 344 супрацоўнікі, з іх 39 урачоў, 144 сярэднія медыцынскія спецыялісты. Сярод спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй 55 маладых людзей, а значыць наш калектыў здольны развівацца і расці ў прафесійным плане.
1 жніўня мы чакаем папаўненне ў нашу «медыцынскую сям’ю». На сваё першае працоўнае месца прыйдуць 5 урачоў, сярод якіх 2 урачы агульнай практыкі, афтальмолаг, оталарынголаг, тэрапеўт.
– Умацаванне матэрыяльнай базы – не менш важны фактар паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг. Якая работа вядзецца ў гэтым напрамку?
– За апошнія пяць гадоў адбылося істотнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы райбальніцы. Толькі ў 2024 годзе на ўмацаванне ўстановы выдаткавана 950 тысяч рублёў. Поўнасцю абноўлена стаматалагічная служба – закуплена 5 сучасных стаматалагічных установак, што дазволіла замяніць базу не толькі ў цэнтральнай паліклініцы, але і ва ўсіх амбулаторыях. Для паляпшэння якасці і даступнасці спецыялізаванай медыцынскай дапамогі набытыя: у галіне афтальмалогіі – шчылінная лямпа; у гінекалогіі – кальпаскоп з камп’ютарнай устаноўкай, 3 гінекалагічныя крэслы, 2 назіральныя лямпы; у галіне хірургіі – 3 аперацыйныя бясценевыя лямпы; у анестэзіялогіі і рэаніматалогіі – партатыўны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усе фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыі ўрачоў агульнай практыкі дааснашчаны вырабамі медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі: набытыя 18 электракардыёграфаў, 14 апаратаў для вымярэння ўнутрывочнага ціску, 3 дэфібрылятары, 32 сумкі-ўкладкі для аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі, 41 камплект транспартных шын.
Гаворачы пра ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, хочацца выказаць асобную ўдзячнасць за рэальную падтрымку ў развіцці матэрыяльнай базы бальніцы кіраўніцтву Шумілінскага раёна і асабіста старшыні райвыканкама Сяргею Аляксандравічу Галынчыку, галоўнаму ўпраўленню па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама ў асобе начальніка ўпраўлення дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіла Лявонцьевіча Вішнявецкага. Дзякуючы іх падтрымцы і рэсурсам, якія выдзяляюцца, мы атрымліваем магчымасць абнаўляць абсталяванне, рамантаваць памяшканні і ствараць сучасныя ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі шумілінцам.
– Мы бачым, як актыўна ўваходзіць камп’ютарызацыя ва ўсе сферы жыццядзейнасці, ідзе лічбавізацыя самых розных працэсаў. А што ў раённай медыцыне?
– Сёння ва ўстанове аховы здароўя вядзецца маштабная работа па падключэнні да цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя (ЦІСЗ). Гэта дазволіць стварыць адзіную інфармацыйную прастору ва ўстановах не толькі раённага, але і рэспубліканскага ўзроўню. У 2024 годзе закуплена неабходная аргтэхніка, сёлета па лініі Міністэрства аховы здароўя атрымана 97 камп’ютараў, устаноўлена 11 медыцынскіх інфармацыйных сістэм. Шырока ўкараняюцца электронныя медыцынскія карты пацыентаў, электронныя рэцэпты і іншае. Укараненне электроннай аховы здароўя прыводзіць да істотнага павышэння празрыстасці, даступнасці і арыентаванасці сістэмы аховы здароўя на патрэбы пацыентаў.
– Якія задачы стаяць перад шумілінскімі медыкамі на бліжэйшую перспектыву? Якія напрамкі выбіраюцца для далейшага развіцця галіны?
– Завяршэнне рамонту педыятрычнага аддзялення, рамонт Обальскай амбулаторыі, далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Хочацца зрабіць акцэнт на працоўным рэсурсе, менавіта на людзях. Інвестыцыі ў інфраструктуру, тэхналогіі і лекавае забеспячэнне жыццёва неабходныя, але без паралельных і апераджальных інвестыцый ў «чалавечы капітал» аховы здароўя – у прыцягненне, утрыманне і матывацыю кадраў – усе астатнія намаганні рызыкуюць застацца неэфектыўнымі. Развіццё кадравага патэнцыялу – не проста адна з задач, гэта асноватворная ўмова для рашэння ўсіх астатніх задач мадэрнізацыі і ўстойлівага развіцця сістэмы аховы здароўя раёна. І гэта самая важная задача на бліжэйшы час.
– Святлана Уладзіміраўна, што вам хочацца сказаць калегам, ветэранам аховы здароўя напярэдадні прафесійнага свята?
– У Дзень медыцынскіх работнікаў хачу звярнуцца з самымі цёплымі словамі віншаванняў і ўдзячнасці. Наша бальніца – не проста ўстанова, гэта цэнтр здароўя для ўсяго раёна. І вы – яе сэрца і душа. Урачы і медсёстры ўсіх аддзяленняў, фельчары ФАПаў, работнікі рэгістратуры, лабараторыі, службаў забеспячэння і адміністрацыі – кожны з вас уносіць неацэнны ўклад у агульную справу. Вы працуеце ва ўмовах, якія патрабуюць асаблівай трываласці і ўніверсальнасці, так уласцівых для раённай медыцыны, і спраўляецеся з гэтым годна!
Дзякуй вам за вашу тытанічную справу, уменне знаходзіць падыходы да кожнага пацыента, за ўзаемападтрымку, адданасць нашай бальніцы і роднаму краю. Ваша работа – гэта служэнне людзям у самым высокім сэнсе гэтага слова.
Жадаю вам найперш моцнага здароўя – бо вы так многа аддаяце іншым! Няхай ніколі не скончыцца ваш прафесійны энтузіязм, хапае сіл і цярпення на ўсё! Жадаю асабістага шчасця, міру ў сем’ях, якія заўжды чакаюць вас дома, і ўпэўненасці ў тым, што ваша праца жыццёва важная і глыбока паважаная!
Хачу пажадаць усім шумілінцам моцнага здароўя, а галоўнае – здаровага ладу жыцця.
– Дзякуй за размову. Са святам вас!
Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


