Мікалай Шарснёў: «Нельга працаваць у “пажарным” рэжыме. Трэба сістэмна рашаць праблемныя пытанні»

Главное Общество Президент

Сістэмна рашаць праблемныя пытанні

«Нельга працаваць у “пажарным” рэжыме, закрываючы індывідуальныя скаргі. Трэба сістэмна рашаць праблемныя пытанні», – адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас «прамой лініі» з насельніцтвам вобласці.

Кіраўнік вобласці падверг крытыцы работу гарадскіх і абласных службаў, каменціруючы зварот жыхара Віцебска, які скардзіўся на стан дарожнага пакрыцця вуліц у прыватным сектары абласнога цэнтра.
Да старшыні абласнога выканаўчага камітэта ў мінулую суботу змаглі дазваніцца 24 жыхары вобласці. Праблемы, з якімі звярталіся заяўнікі, разнастайныя – гандлёвае і банкаўскае абслугоўванне, сувязь, экалогія, добраўпарадкаванне, выплата заработнай платы і іншае. Больш за палову званкоў былі з абласнога цэнтра, тэлефанавалі з Оршы, Аршанскага і Віцебскага раёнаў, з Паставаў і Чашнікаў, Полацка і Наваполацка. Некалькі званкоў тычыліся і нашага раёна.
З Магілёўскай вобласці патэлефанавала маці, якая доглядае дзіцяці, і паскардзілася на затрымку аліментаў ад мужа, які працуе ў КУСГП «Мішневічы». Кіраўнік вобласці патлумачыў, што на бягучым тыдні ў сельгаспрадпрыемствах павінны выплаціць зарплату, а значыць жанчына атрымае і аліменты.
З мікрараёна СШ №2 г. п. Шуміліна ўзнялі пытанне пераводу з пячнога на газавае ці электрычнае ацяпленне шматкватэрных жылых дамоў. Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў расказаў, што пра праблему ў раёне ведаюць, жыхары гэтых дамоў кожны год звяртаюцца ў розныя інстанцыі. Але праблема ў тым, што пасля змянення нарматыўнай базы гэта магчыма зрабіць толькі за кошт уласнікаў жылля. Мікалай Шарснёў даручыў абласным службам вывучыць пытанне і, калі будзе знойдзена магчымасць, дапамагчы шумілінцам яго вырашыць.
Яшчэ адно пытанне ўзняла жыхарка Віцебска, якая мае ў валоданні частку дома ў в. Язвіна. Яна паскардзілася на ліквідацыю калонкі каля вясковага дома, маўляў, заўжды ёй карысталіся. Прадстаўнік «Віцебскаблводаканала», які прысутнічаў у абласной студыі, патлумачыў, што арганізацыя планава ліквідуе водаразборныя калонкі, жыхарам прапануюць правесці ваду ў дом, прадстаўляюць растэрміноўку аплаты работ. Усё гэта ведае і заяўніца.
Усе пытанні, з якімі звярталіся жыхары вобласці, былі ўзяты на кантроль, па некаторых старшыня аблвыканкама абяцаў асабіста разабрацца. Як, напрыклад, з добраўпарадкаваннем воінскага пахавання ў вёсцы Шапуры каля Віцебска. Жыхар вёскі з болем расказваў, што памятнае месца літаральна заплывае, бо дарожныя службы спусцілі ваду да помніка, а вось пра яе адвядзенне не паклапаціліся. Такое стаўленне да памяці недапушчальнае, лічыць заяўнік, тым больш у год юбілею Перамогі. Мікалай Шарснёў сказаў, што ў панядзелак асабіста пад’едзе да помніка, каб разабрацца на месцы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №25 ад 31.03.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *