8 красавіка – Дзень работнікаў ваенных камісарыятаў

Новости Общество

8 красавіка – Дзень работнікаў ваенных камісарыятаў

Дзень ваенных камісарыятаў у армейскім календары Беларусі з’явіўся ў 2003 годзе. Ён быў зацверджаны Загадам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь і ўстаноўлены 8 красавіка. На сённяшні дзень у нашай краіне працуюць 99 ваенкаматаў.
У 2015 годзе ў выніку рэарганізацыі ваенкаматаў Шумілінскага і Бешанковіцкага раёна быў утвораны аб’яднаны раённы ваенкамат. Начальнікам адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК стаў падпалкоўнік Андрэй Собін.
«З нагоды Дня работнікаў ваенных камісарыятаў хочацца павіншаваць сённяшніх работнікаў ваеннага камісарыята, ветэранаў, якія працавалі ў ваенных камісарыятах, з прафесійным святам, – адзначае Андрэй Собін. – Вы заўсёды годна выконваеце пастаўленыя задачы, няхай мір і спакой будуць вашымі пастаяннымі спадарожнікамі, здароўя, удачы ва ўсіх пачынаннях».

Людміла Іванаўна Дубяга.

Справа ваенная, праца мірная
Рашэннем пытанняў сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, членаў іх сямей, ваеннаабавязаных, ветэранаў у адстаўцы і воінаў-інтэрнацыяналістаў больш за 10 год займаецца галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні адасобленай групы Шумілінскага раёна АРВК Людміла Іванаўна Дубяга.
Менавіта яна дапамагае разабрацца ў заканадаўстве наконт ільгот і гарантый вышэйназваных катэгорый грамадзян, праводзіць замену пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Таксама ў сферы абавязкаў Людмілы Іванаўны – пытанні па ўвекавечанні.
Сваю работу Людміла Дубяга лічыць карыснай і цікавай. «Апошнія гады значна актывізавалася работа па пошуку сваякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – расказвае яна. – Пераважна да нас звяртаюцца з Расійскай Федэрацыі і Казахстана. Прыемна, калі сваякам мы высылаем дакладнае месца пахавання. А яшчэ больш прыемна, калі гэтыя людзі прыязджаюць у ваенкамат са словамі падзякі».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №27 ад 07.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *