Доска почёта Шумилинского района: Юрий Афанасьев

Главное Эканоміка

Яго лабараторыя – гарант якасці

Вытворчую лабараторыю ТАА «ВЕЖА» работнікі прадпрыемства называюць гарантам якасці. Менавіта ад тых, хто працуе ў лабараторыі, залежыць, як будзе праверана сыравіна і вырабляемая прадукцыя. А за ўсё гэта ў адказе начальнік вытворчай лабараторыі Юрый Васільевіч Афанасьеў, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.


Юрый Афанасьеў – адзін з нямногіх работнікаў ТАА «ВЕЖА», хто працуе тут з першых дзён стварэння прадпрыемства. Па адукацыі ветурач, пасля вучобы ў Лужаснянскім тэхнікуме Юрый вярнуўся працаваць на радзіму. Спачатку ўладкаваўся ўрачом-паразітолагам у раённую ветстанцыю, а праз год «прыйшоў паспрабаваць» у лабараторыю на новым прадпрыемстве. І застаўся.
«Для мяне, маладога інжынера па якасці, новая для Шуміліна вытворчасць была вельмі цікавая, – кажа Юрый. – Тым больш, што работа спачатку была арганізавана ў дзве змены. Прыходзілася працаваць, як кажуць, не пакладаючы рук». Але Юрыя Афанасьева гэта не пужала. Ён імкнуўся ўсяму навучыцца, займаўся самаадукацыяй, неаднойчы ездзіў на курсы ў Мінск, сам распрацоўваў патрэбныя інструкцыі, ствараў фонд дакументацыі. Непасрэднымі настаўнікамі былі першы начальнік лабараторыі прадпрыемства Вольга Фёдараўна Пашкоўская і мікрабіёлаг Гертруда Браніславаўна Герасімава.
Кіраўніцтва прадпрыемства цаніла старанні маладога спецыяліста, яго прынцыповасць, скрупулёзнасць, імкненне разабрацца ў дробязях. І калі восем гадоў таму вызвалілася пасада начальніка вытворчай лабараторыі, яе прапанавалі менавіта Юрыю Афанасьеву.
– Маёй правай рукой і намеснікам з’яўляецца інжынер па якасці Юлія Жолудзева. Мы адказваем за якасць на кожным участку прадпрыемства, – кажа Юрый Васільевіч. – Сочым за мыццём абсталявання, хімічнымі паказчыкамі бяспекі, адказваем за мікрабіялагічны аналіз сыравіны, а дакладней, яблычнага соку, які прыгатаваны з фруктаў, вырашчаных на тэрыторыі нашага раёна. Увогуле вытворчая лабараторыя – гэта сэрца прадпрыемства. Без нашага аналізу тэхнолагі не дапускаюць прадукцыю да разліву. А яе мы выпускаем больш за дваццаць найменняў, большая частка пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю.
Кіраўніцтва ТАА «ВЕЖА» хваліць Юрыя Афанасьева за прафесіяналізм, адданасць справе, на-дзейнасць. Работнікі лабараторыі строга сочаць за тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці на ўсіх яго этапах, кожны дзень правяраюць якасць сыравіны і гатовай прадукцыі.
– Я люблю сваю работу, яна прыносіць задавальненне, асабліва радуюся добрым вынікам, – кажа Юрый Афанасьеў. – Работа начальніка лабараторыі – гэта кожны дзень штосьці новае, гэта работа з калектывам, новыя патрабаванні да прадукцыі. Так і павінна быць, бо жыццё не стаіць на месцы, і наша вытворчасць крочыць у нагу з часам, каб быць запатрабаванай на рынку.
Ю. В. Афанасьеў па жыцці чалавек актыўны, творчы, таварыскі, перажывае за вытворчасць і людзей. Трэці год узначальвае прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства, з’яўляецца ўдзельнікам фальклорнага гурта «Гульбічы» пры раённым цэнтры культуры. А яшчэ дваццаць гадоў запар падчас навагодніх святаў пераўвасабляецца ў самага галоўнага на Шуміліншчыне Дзеда Мароза.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №27 ад 07.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *