Паліў смецце – спаліў вёску

Безопасность Общество

Паліў смецце – спаліў вёску

Днём 7 красавіка ў вёсцы Нарчы Шчучынскага раёна згарэла больш за 20 дамоў, у двух з якіх жылі грамадзяне. Такім чынам 70-гадовы мясцовы жыхар на сваім падворку паліў сухую траву.
6 красавіка ў вёсцы Русілкі Бешанковіцкага раёна выратавальнікі пры тушэнні сухой травы на адным з прыватных участкаў знайшлі труп 90-гадовага мужчыны, гаспадара гэтай сядзібы. Прычынай трагічнага здарэння стала неасцярожнае абыходжанне загінуўшага з агнём.

На месяц раней пачаліся сезонныя палы сухой травы. Па статыстыцы ў 2019 годзе ў экасістэмах краіны адбыўся 2691 пажар на плошчы 11333 га. Ратавальнікі ліквідавалі 520 лясных пажараў, 243 узгаранні тарфянікаў. Зафіксавана 1928 выпадкаў гарэння травы і кустоўя.
“Напружаная сітуацыя і ў нашым раёне, – кажа намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. – Шумілінскія ратавальнікі выязджалі на тушэнне палаў сухой расліннасці каля вёскі Грудзінава Обальскага сельсавета, каля Язвіна Светласельскага сельсавета і каля Залужжа Лаўжанскага сельсавета. У апошнім выпадку агонь захапіў плошчу 2 гектары, была пагроза загарання жылых дамоў. Усе гэтыя пажары – вынік чалавечай бяспечнасці і безадказнасці”.
Нягледзячы на жахлівыя лічбы статыстыкі, жаданне пазбавіцца з дапамогай запалкі ад смецця і мінулагодняй травы ў грамадзян не прападае. Травяныя палы хутка распаўсюджваюцца, асабліва ў ветраныя дні. Як правіла, палы сухой травы часта прыводзяць да ўзгаранняў дач і дамоў.
Паляць смецце не толькі дачнікі і ўладальнікі зямельных участкаў. На жаль, такая практыка выкарыстоўваецца і на прыдарожных тэрыторыях – уздоўж палёў, узбочын дарог. Падпальваючы сухую траву, многія не падазраюць, што можа пачацца лясны пажар, які прыводзіць да непапраўных наступстваў. Пры парывістым ветры агонь распаўсюджваецца з хуткасцю 25-30 кіламетраў у гадзіну. Лакалізаваць і патушыць такі пажар вельмі няпроста.
«У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, – зазначае Іван Маскалькоў. – Так, зараз у адносінах да жыхара г. п. Обаль вядзецца адміністрацыйны працэс. Згодна з артыкулам 15.57 КаАП за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 БВ».

МНС нагадвае:
– будзьце асцярожныя пры навядзенні парадку на падворках;
– вывозьце смецце ў спецыяльна адведзенае месца;
– калі без спальвання не абысціся, выберыце пляцоўку так, каб выключыць пажар: адлегласць да будынкаў – не менш 10 м, ад лесу – 20 м, ад месцаў, дзе складзіруецца сена ці салома – 30 м. Паліць адходы можна толькі ў бязветранае надвор’е, полымя трэба кантраляваць, не пакідаць без нагляду;
– не забывайце пра вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўку;
– выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забаронена.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №28 ад 10.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *