«Лежни» активно включились в посевную

Новости Сельское хозяйство

«Ляжні» пабагацелі на палеткі

Дырэктару ААТ «Ляжні» Аляксандру Папіну не патрэбны ніякія схемы і планы: усе сельгасугоддзі, палеткі пад яравую сяўбу трымае ў галаве. Праўда, нядаўна да звыклых лічбаў дадаліся новыя: гаспадарцы перададзена больш за шэсць тысяч га земляў з ААТ «Прыдзвінскі». З іх паўтары тысячы гектараў адведзены для сяўбы яравых зерневых і зернебабовых. Плюс на ляжнёўскіх палетках трэба засеяць яравымі 700 гектараў.

Уладзімір Шыёнак

– Разам з прыдзвінскімі палеткамі да нас часткова перайшла тэхніка гаспадаркі, – расказаў Аляксандр Мар’янавіч. – Гэта зручна: не трэба ганяць тэхніку з Ляжнёў да Полькавіч. Да таго, мясцовыя механізатары добра ведаюць свае палеткі.
На прыдзвінскіх землях створаны вытворчы ўчастак гаспадаркі, начальнікам якога прызначана былы галоўны аграном «Прыдзвінскага» Раіса Гарлачова. Яна мая правая рука і дарадца. Пасля аб’яднання тэхнікі і механізатараў у нас атрымаўся надзейны калектыў, думаю, што агульнымі сіламі своечасова справімся з даведзеным заданнем.
Ну, а што механізатарскі касцяк працавіты – гэта Аляксандр Папіна ведае – сам жа жыве ў Крывым Сяле, раней працаваў у мясцовай гаспадарцы аграномам і некалькі гадоў узначальваў яе.
У гэтым годзе пасяўную ААТ «Ляжні» пачало менавіта з прыдзвінскіх палеткаў. Выбар відавочны: землі ля Дзвіны высокія, глеба даўно гатова да сяўбы. І да яе прыступілі ў апошнія дні сакавіка. Разгарнуліся работы за вёскай Альшанікі. Тут працавалі два пасяўныя агрэгаты.
– На трохмятровай сеялцы «Лемкен» засяваю за дзень па 15-16 гектараў, – расказаў крывасельскі механізатар Уладзімір Шыёнак. – Поле роўнае і сухое, тэхніка ідзе добра. На другім краі, вунь там каля лесу, працуе мой калега Юрый Літвінаў. У яго шасцімятровы пасяўны агрэгат, таму паспявае засеяць у два разы больш. Насення хапае ўласнага, яго нам падвозіць Яўген Прыгун.
– А як вы ставіцеся да пераходу ў другую гаспадарку? – пытаюся ў механізатара.
– У прынцыпе, для нас практычна нічога не змянілася, – усміхаецца Уладзімір. – Тэхніка тая ж, палеткі таксама. Пры любым кіраўніцтве, на маю думку, трэба працаваць рупліва, каб была аддача ад тваёй работы.
Асноўны акцэнт «Ляжні» робяць на кармавую базу – зараз сеюць зернебабовыя. Кармоў у гаспадарцы плануюць сёлета нарыхтаваць многа: каб уволю хапіла.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №28 ад 10.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *