Шумилинская СШ №1 шьёт одноразовые комбинезоны для медиков

Главное Общество

У школе шыюць медыцынскія камбінезоны

На просьбу шумілінскіх медыкаў дапамагчы з індывідуальнымі сродкамі аховы першым адгукнуўся калектыў Шумілінскай СШ №1. На гэтым тыдні, пакуль у дзяцей працягваюцца канікулы, тут пачалі шыць медыцынскія аднаразовыя камбінезоны.


З касцюма, які прывезлі ў панядзелак з бальніцы, настаўнік працоўнага навучання Надзея Спірыдонава зрабіла лекала. Аператыўна было пераабсталявана некалькі кабінетаў пад раскройныя міні-цэхі. Рулон нятканага матэрыялу – спанбонду, таксама прывезла бальніца (яго даў ІП В. Цімашэнка). Шумілінскія прадпрымальнікі дапамаглі засцёжкамі-маланкамі і рызынкамі. У кабінеце працоўнага навучання за швейныя машынкі селі ўсе, хто ўмее шыць. Позна вечарам педагогі перадалі ў бальніцу першыя 11 касцюмаў.


Працэс пашыву наладжаны, тут дзейнічае сапраўдны канвеер. За швейнымі машынкамі працуюць восем швачак, заўважаны, між іншым, і мужчына (настаўнік Аляксандр Петухоў).

Кожны выконвае сваю аперацыю. Астатнія займаюцца раскройваннем. А заадно вучацца шыць. Некаторыя бяруць «заданне» на дом. Учора прыступілі і да пашыву бахілаў.
З аднаго рулона спанбонду, падлічыла дырэктар школы Наталля Мясаедава, выйдзе каля 200 касцюмаў. Яшчэ адзін рулон калектыў СШ №1 набыў за сабраныя калектывам школы грошы.
На раніцу ўчарашняга дня ў СШ №1 пашылі і перадалі шумілінскім медыкам 96 медыцынскіх аднаразовых камбінезонаў.
У школе кажуць, што ім вельмі не хапае рук, дакладней, швачак. Зараз раскроены і гатовыя для пашыву 210 камплектаў камбінезонаў. У сувязі з гэтым хочацца звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна, у каго ёсць швейныя машынкі і хто ўмее шыць: кожны можа дапамагчы медыкам. Ад сябе асабіста скажу: я не прафесійная швачка, аднак паспрабавала пашыць. У мяне атрымалася. Атрымаецца і ў вас.
Народны рух у падтрымку медыкаў у Шуміліне набірае абароты. Так трымаць! І трымацца!
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №28 ад 10.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *