Куда девать использованные маски

Общество Экология

Маскі.  Выкідвай правільна!

  Штодня ў Беларусі выкарыстоўваюцца сотні тысяч масак. Аднаразовых і тых, якія можна выкарыстоўваць паўторна. І калі апошнія мы мыем і носім зноў і зноў, то аднаразовыя – толькі аднойчы.

 Часта можна назіраць карціну, як, выходзячы з крамы, чалавек адразу здымае маску і выкідвае яе ў сметніцу. Ці правільна гэта? І наогул, як трэба ўтылізаваць маскі, асабліва ў сітуацыі пандэміі, мы пацікавіліся ў эколага-актывіста, кіраўніка грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» Ірыны Кулікавай.

  – Усё-такі ў вулічныя сметніцы выкідваць маскі не варта, бо вецер можа іх разнесці, – кажа эколаг. – Змываць у каналізацыю іх таксама ні ў якім разе нельга, як і аднаразовыя сурвэткі – усё гэта засмечвае сістэмы водаачышчэння. Некаторыя сталі выкідваць іх у кантэйнеры для пластыкавых адходаў, што таксама няправільна. Аднаразовыя ахоўныя маскі звычайна вырабляюцца з матэрыялаў, якія не перапрацоўваюцца, таму выкідваць іх трэба ў агульнае смецце. Акуратна зняць за завязкі, пакласці ў пакет, пажадана папяровы, і, шчыльна запячатаўшы яго, адправіць у сметніцу.

  Улічваючы небяспечную эпідэміялагічную сітуацыю, экаактывісты «Зялёнага партала» рэкамендуюць: калі ёсць магчымасць, перад утылізацыяй апусціць маску ў дэзынфіцыруючы раствор на некалькі хвілін. Гаспадары ж прыватных дамоў могуць спальваць іх у печы. Толькі збіраць скарыстаныя маскі, каб потым адвезці іх у вёску да бабулі, гараджанам не варта. Утылізаваць маскі трэба адразу ж пасля выкарыстання.

  Тым часам кітайскія эколагі ўжо б’юць трывогу: на пляжах і прыродных сцежках выяўлены скапленні скарыстаных медыцынскіх масак.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №29 ад 14.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *