Шумилино: куда пропало дешёвое молоко из магазинов

Общество Экономика

Куды дзелася таннае малако?
Мы прывыклі, што малако з’яўляецца даступным прадуктам харчавання, часцей за ўсё выбіраем пакет за 2220 рублёў  з тлустасцю 3,2%.  Але ў апошні час такое малако стала сапраўдным дэфіцытам на паліцах шумілінскіх магазінаў, і гэта выклікала сапраўдны ажыятаж. Многія нашы чытачы абураюцца, тэлефануюць у рэдакцыю, просяць растлумачыць, куды падзелася таннае малако.
Каб разабрацца ў сітуацыі, работнікі рэдакцыі наведалі некалькі магазінаў райцэнтра. У цэнтральны ўніверсам у мінулы чацвер, 8 снежня, завезлі ўсяго восем (!) пакетаў малака тлустасцю 3,2%, чатырнаццаць – тлустасцю 3,5% па 2320 рублёў за пакет. Затое дарагога (з тлустасцю 3,6 па 4400 рублёў за пакет) прывезлі ажно семдзесят пакетаў.  “Некаторыя шумілінцы за танным малаком займаюць чаргу з раніцы, – расказвае в. а. загадчыцы цэнтральнага ўніверсама А. П. Іванова. – Многа крыўдных слоў пры гэтым прыходзіцца выслухваць прадаўцам у свой адрас, быццам мы самі гэтае малако разліваем па пакетах. Даходзіць амаль да скандалаў. Прыйшлося нават паказваць пакупнікам накладную, каб тыя ўпэўніліся, што таннага малака завезлі мала”.
Прыкладна такая сітуацыя склалася ў “Скарбе”, магазінах “Юліна-гандаль”, “Тамара-гандаль” і многіх іншых.
“Заяўкі падаём кожны дзень, – гаворыць намеснік старшыні райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнка. –  Але яны выконваюцца менш чым напалову. А першыя тры дні мінулага тыдня ў магазіны зусім не прывозілі таннае малако. На жаль, падобная праблема склалася з тварагом, кефірам, ражанкай”.
Каб запытацца, якое малако сёння выпускаюць на малаказаводзе, мы патэлефанавалі ў Віцебск. “Палову таннага, палову дарагога з тлустасцю 3,6,” – адказала рэдакцыі намеснік па вытворчасці ААТ “Малако” Р. А. Валошка.
Таннае малако выпускаюць, дык чаму ж яно стала сапраўдным дэфіцытам для шумілінскіх пакупнікоў?
“Не толькі для шумілінскіх, але і для віцебскіх, – удакладняе сітуацыю намеснік дырэктара па эканоміцы ААТ “Малако” І. Я. Шакура. – Таннае малако стараемся размяркоўваць пароўну па раёнах вобласці, у магазіны абласных цэнтраў яго паступае больш. І ўсё роўна не хапае. Справа ў тым, што малако з тлустасцю 3,2% адносіцца да сацыяльна значнай групы, таму яно і таннае. І ўсе хочуць купіць такое малако. Але і прадпрыемству трэба неяк выжываць у складаных эканамічных умовах, мы не павінны дапусціць мінусавую рэнтабельнасць. У сувязі з гэтым выпускаем новыя віды прадукцыі, сярод якіх – малако з тлустасцю 3,6% і малако з вітамінам С”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *