В Шумилинском районе ветеранам вручили медали «75 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»

Беларусь помніць Главное

«Гэта ваш пераможны май»

На гэтым тыдні кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі ваеннага камісарыята, сельскіх выканаўчых камітэтаў наведалі ветэранаў вайны, павіншавалі іх з надыходзячым святам, уручылі юбілейныя медалі «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»

Віктар Гутараў уручае медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» былой партызанцы Генадзіі Лысанавай.

Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў разам з намеснікам ваеннага камісара Ігарам Аляксеевым і старшынёй Обальскага сельвыканкама Мікалаем Будневічам наведаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Обалі.
– 75 гадоў мы можам мірна і спакойна жыць, кахаць, працаваць, выхоўваць дзяцей. А за ўсё гэта мы ўдзячны вам – тым, хто змагаўся на франтах, у партызанскіх атрадах, хто набліжаў Перамогу, працуючы ў тыле. Дзякуй вам за Перамогу! За тое, што змагаліся, за тое, што выжылі, – шчыра казаў кожнаму з траіх обальскіх ветэранаў Віктар Сяргеевіч. – Гэта ваш пераможны май. Здароўя вам і вашым родным.
Былым партызанкам брыгады імя Кароткіна Генадзіі Эдуардаўне Лысанавай, Надзеі Раманаўне Сабаршовай, працаўніку тылу Міхаілу Антонавічу Банкетаву кіраўнік раёна ўручыў медалі. Таксама ветэраны атрымалі віншавальныя лісты ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, падарункі.
– Вялікі дзякуй за памяць і віншаванні, – расчулілася былая партызанка Надзея Сабаршова. – Я пераканана, што мы, партызаны, не дарэмна змагаліся, гінулі, сядзелі ў засадах, хадзілі ў разведку. Усё гэта было дзеля нашых дзяцей і ўнукаў. Сёння добрае і шчаслівае жыццё, беражыце яго, беражыце мір на зямлі.

Старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава віншуе           былога вязня Ефрасінню Лявонаву з Сянькова.

Дэлегацыю, якая віншавала ветэранаў Мішневіцкага і Сіроцінскага сельсаветаў, узначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Ірына Мікалаеўна, уручаючы юбілейныя медалі, кветкі, паштоўкі і падарункі, дзякавала ветэранам за іх мужнасць, жадала ўсяго найлепшага. Да віншаванняў далучыліся начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна Бешанковіцкага АРВК Андрэй Собін, старшыні Мішневіцкага і Сіроцінскага сельвыканкамаў Галіна Зязюлька і Аксана Шынкевіч.
– Як сёння помню май 1945 года, – прызналася ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Красамай Марыя Дзмітрыеўна Іванова. – Такое не забываецца: мы крычалі «ўра», вельмі радаваліся, абдымаліся, цалаваліся, віншавалі адзін аднаго. Сустрэлі перамогу на рацэ Одар у Германіі, дзе перапраўлялі цераз раку снарады для воінскіх часцей. Мост немцы ўзарвалі, так што прыйшлося карыстацца плытамі. Некаторы час я не магла асэнсаваць: няўжо гэта вайна закончылася, няўжо больш нам, дзяўчатам, не трэба будзе разгружаць вагоны са зброяй, не трэба грузіць на машыны вялізныя скрыні, кожная з якіх важыла амаль дзвесце кілаграмаў…
– А я Перамогу сустрэў у Ніжнім Тагіле, дзе бацька працаваў на ваенным заводзе, – кажа ветэран з вёскі Андрэеўка Віктар Паўлавіч Багатыроў. – Мая сям’я ў вайну жыла ў блакадным Ленінградзе, выжылі толькі дзякуючы таму, што побач была рака. Іншыя і вады не мелі…
У кожнага з ветэранаў свае ўспаміны, свой боль, свая памяць. І яна зноў і зноў ажывае напярэдадні Дня Перамогі. Былыя франтавікі, працаўнікі тылу, партызаны згадваюць сваё гераічнае мінулае, свой пераможны май.
Напярэдадні свята Перамогі ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны (іх у раёне пражывае 9), а таксама былыя вязні (іх 26) атрымалі юбілейныя медалі, віншаванні і падарункі.
Тэкст і фотаЛарысы ЗАЙЦАВАЙ.
Апублікавана ў №35 ад 08.05.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *