Прыняты меры па падтрымцы эканомікі

Главное Президент Экономика

Прыняты меры па падтрымцы эканомікі
13 мая адбылася пазачарговая дваццаць шостая сесія раённага Савета дэпутатаў, на якой былі зацверджаны меры падтрымкі эканомікі ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава падкрэсліла, што на разгляд дэпутатаў выносяцца рашэнні, накіраваныя на падтрымку прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія вымушаны працаваць у складаных умовах пандэміі. На рэспубліканскім узроўні прыняты адпаведныя рашэнні ўрада і кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, падпісаны Указ №143 «Аб падтрымцы эканомікі», які дае права мясцовым органам улады ў межах іх кампетэнцыі прымаць неабходныя рашэнні па падтрымцы асобных галін ці прадпрыемстваў.
Па прапанове намесніка старшыні райвыканкама Святланы Цімашэнкі, якая расказала аб мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №143 ад 24 красавіка 2020 на раённым ўзроўні, дэпутаты прынялі прапанаваны праект рашэння, у прыватнасці, дэлегавалі райвыканкаму права аператыўнага прыняцця рашэнняў па падтрымцы канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацый.
Дэпутат раённага Савета начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка ўнесла на зацвярджэнне дэпутатаў прапанову аб змяншэнні сумы падаткаў на нерухомасць і зямлю за II і III квартал бягучага года шляхам выкарыстання паніжаючых каэфіцыентаў для такіх відаў эканамічнай дзейнасці, як вытворчасць будаўнічых матэрыялаў з гліны, дзейнасць транспарту пры гарадскіх і прыгарадных пасажырскіх перавозках, дзейнасць грузавога аўтатранспарту, паслугі па грамадскім харчаванні, некаторыя бытавыя паслугі.
Каментуючы пытанне, старшыня раённага Савета звярнула ўвагу на тое, што на сесіі абласнога Савета дэпутатаў прынята рашэнне аб зніжэнні ў два разы ставак адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых асоб.
Таксама дэпутаты зацвердзілі змяненні ў раённы бюджэт, прапанаваныя начальнікам фінаддзела. Так, 2700 рублёў паступілі з абласнога бюджэту для прэміравання УП «Шумілінская ПМК-70», якая занесена на абласную Дошку гонару. У сувязі са стварэннем установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна» на яго дзейнасць пераразмеркаванны сродкі аддзела па адукацыі, ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў, СДЮШАР, ФАЦ, раённага архіва. Цэнтр аб’яднаў бухгалтэрыі і гаспадарчыя групы названых арганізацый.
233 тысячы рублёў выдаткаваны на бягучы рамонт Обальскай СШ.
З рэзервовага фонду райвыканкама выдзелена 10 тысяч рублёў Шумілінскай ЦРБ на набыццё матэрыялаў для вырабу ахоўнага адзення, з мэтай мінімізацыі распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі.
100 тысяч рублёў накіраваныя ўпраўленню па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама для субсідый арганізацыям аграпрамысловага комплексу раёна.
Праведзены іншыя пераразмеркаванні бюджэтных сродкаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №37 ад 15.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *