Аляксандра Пятрова: «Мая сям’я вельмі многа значыць для мяне»

Главное Грамадства Сям’я

Нас – шасцёра. І мы шчаслівыя!

Варвара, Усевалад, Аляксандра, Наталля, Дзмітрый і Ванечка Пятровы.

Для мяне прыкладам ідэальнай сям’і сталі мае бацькі. Іх вялікая штодзённая работа над сям’ёй прымушае не толькі мяне, але і ўсіх навокал прыходзіць у захапленне. Выводзіць кожны дзень сям’ю на новы ўзровень – задача неверагодна складаная і многім не па сілах.
Мае бацькі, Наталля і Дзмітрый Пятровы, разам ужо 18 год. Яшчэ калі былі юнымі, яны вырашылі звязаць свае лёсы ў адзін, абралі ўтульны вялікі дом. Тады яны яшчэ не падазравалі, што менавіта гэты дом стане самым жаданым месцам нашай вялікай сям’і. У сям’і нас шасцёра. На сённяшні дзень многіх гэта вельмі здзіўляе, бо звычайна ў сучасных сем’ях не больш за трое-чацвёра членаў сям’і.
Акрамя бацькоў і мяне, Аляксандры, наш сямейны партрэт упрыгожваюць яшчэ тры чалавечкі. У мяне слаўныя браты Сева, Ваня і цудоўная сястра Варвара. Розніца з малодшым у нас даволі вялікая, каля 15 год, таму дапамагаць яму спасцігаць гэты дзіўны свет мне ў радасць.
У нас вельмі цікавае сумеснае жыццё, мы паважаем і любім адзін аднаго і гэта дазваляе нам па-сапраўднаму цаніць усё тое, што вакол нас. Агульныя радасці з нагоды сямейных урачыстасцей збіраюць усіх за вялікім сталом. Звычаі прымаць гасцей, віншаваць родных, абменьвацца станоўчымі эмоцыямі – усё гэта робіць нашу сям’ю ўнікальнай.
Адна з нашых сямейных традыцый – падарожжа па Беларусі з начоўкамі на прыродзе. Мы выбіраем маршрут, садзімся ў машыну і адпраўляемся ў дарогу. Часта наш выбар падае на мясціны з азёрамі. Чыстае паветра, прыгажосць прыроды і сямейная ўтульнасць – усё, што трэба для добрага адпачынку.
У такой атмасферы любові няма страху перад будучым, ёсць упэўненасць, што ўсё будзе добра, таму што мы разам. Я ганаруся сваімі бацькамі за карпатлівую штодзённую працу – стварэнне дружнай моцнай сям’і. Мая сям’я вельмі многа значыць для мяне, толькі тут я змагу знайсці сілы і падтрымку.
Аляксандра ПЯТРОВА, вучаніца 11 класа Шумілінскай СШ №2 імя А. І. Дубасарскага.
Апублікавана ў №37 ад 15.05.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *