Более 6 тысяч свиней выращивают на производственном участке «Добринский» Витебского КХП в Шумилинском районе

Сельское хозяйство Экономика

Больш  за  6  тысяч  свіней.  На  мяса

У склад Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў уваходзіць шэсць свінагадоўчых комплексаў. Аналізуючы работу за мінулы год, кіраўніцтва камбіната адзначыла, што вытворчы ўчастак «Добрынскі» па ўсіх паказчыках у сярэдзіне зводкі. Як кажуць не ў перадавіках, але і не ў адстаючых, адзначае начальнік участка А. Я. Вайцянкоў.

Пасля агульнага сходу ў Віцебску па выніках работы за мінулы год Аляксандр Ягоравіч прааналізаваў добрынскую вытворчасць, улічыў плюсы і мінусы, намеціў план на далейшае развіццё.

– За мінулы год на Віцебскі мясакамбінат з Добрына было здадзена 768 тон свініны ў жывой вазе, – расказаў Аляксандр Вайцянкоў. – Гэта 99% да ўзроўню 2018 года. Не дацягнулі 1% з-за таго, што частка хлеўчукоў групы дарошчвання часова закрыта на рамонт – там мяняюць падлогу. Думаю, сёлета, калі бу-дзе закончаны рамонт, выйдзем на добрыя вытворчыя паказчыкі. Зараз на ўчастку знаходзіцца 6511 галоў свіней. На Віцебскі мясакамбінат пастаўляем жывёлу 3-4 разы на месяц па 120-240 галоў.

Работа на ўчастку па вырошчванні свіней не з лёгкіх. Асабліва ўважлівы догляд патрэбен у так званай групе 02, дзе знаходзяцца парасяты ад нараджэння да двух месяцаў. Не менш адказная работа ў групе дарошчвання і на адкорме. За 7-7,5 месяца свінні набіраюць вагу да ста кілаграмаў.

– Гэта ж вага гадавалага дамашняга парася. За кошт чаго вам удаецца скараціць час гадоўлі? – пытаюся ў начальніка ўчастка.

– Па-першае – гэта добрыя кармы, – кажа Аляксандр Ягоравіч. – Вядома, дома свіней кормяць і бульбай, і мукой, і травой. Але ж ніводны гаспадар не падыходзіць да вырошчвання жывёлы комплексна і не ўлічвае, якія вітаміны і мікраэлементы патрэбны жывёле ў кожным канкрэтным узросце. Такія разлікі зроблены спецыялістамі Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў, адкуль нам бесперабойна дастаўляюцца камбікармы. Прычым, збалансаваныя канкрэтна для кожнага ўзросту. Па-другое, вельмі важнае значэнне мае догляд. У нас многа аператараў, якія працуюць на прадпрыемстве дзесяцігоддзямі і перадаюць свой вопыт маладым. Хаця на вытворчым участку працаваць не так і лёгка, бо і пры раздачы кармоў, і пры чыстцы  клетак нямала ручной работы, людзі даражаць сваімі працоўнымі месцамі. На жаль, нам не хапае работнікаў з Добрына, таму арганізавалі падвоз з Бываліна, Обалі, Мікалаева, Пабеды і Шуміліна.

Сярод лепшых работнікаў участка А. Я. Вайцянкоў выдзеліў бухгалтара Алу Ермаловіч, ветурачоў Святлану Казлову і Міхаіла Логінава, вядучага тэхнолага Людмілу Сянькову. На добрым рахунку асемянатары Валянціна Волкава і Галіна Красоўская, механік Дзмітрый Ціханенка. Старанна  працуюць аператары Маргарыта Васілеўская, Любоў Дмухоўская, Сяргей Навіцкі, механізатар Аляксей Бабаедаў, рабочы Павел Хухракоў і многія іншыя.

У сувязі з перыядычнымі ўспышкамі афрыканскай чумы, якія рэгіструюцца ў некаторых суседніх краінах, на вытворчым участку ўведзены строгія каранцінныя меры: санітарна-прапускны пункт, двухмятровая агароджа, электроннае адпужванне птушак, спецадзенне. Згодна з калектыўным дагаворам на прадпрыемстве прадугледжана гарачае харчаванне. А паколькі ўласнай сталовай няма, абеды ў спецыяльных кантэйнерах з нядаўняга часу прывозяць з Віцебскага мясакамбіната. Прычым, кіраўніцтва і прафсаюз галаўнога прадпрыемства пайшлі на ўступкі работнікам і вылічваюць за харчаванне толькі 50% ад поўнага кошту.

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Опубликовано в №40 от 26.05.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *