Шумилинские мелиораторы ведут реконструкцию мелиоративных систем

Экономика

Меліяратары – зямлі куратары

У першую нядзелю чэрвеня меліяратары адзначаюць сваё прафесійнае свята.  І хоць у нашым раёне зараз няма прадпрыемства меліярацыйных сістэм, людзі гэтай прафесіі працуюць у ПМК-70.

–  Нас, меліяратараў, налічваецца больш за дваццаць чалавек, – расказала старшы майстар Валянціна Спірыдава. – Асноўная наша работа – праца на зямлі, абслу-гоўванне і рамонт меліярацыйных сістэм і збудаванняў.

Асаблівасць работы меліяратараў – круглы год у палявых умовах. Таму яны вынослівыя і загартаваныя. Зараз, напрыклад, дрэнажная брыгада працуе на рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Леніна» каля вёскі Хацілава. Другі год брыгаду ўзначальвае малады майстар Дзмітрый Каралёў. Сам з Чашніцкага раёна, хлопец пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі размеркаваўся на Шуміліншчыну.

– Вядзём рамонт дрэнажных сістэм, – расказвае Дзмітрый. –  На аб’ект «Леніна» выдзелена 163 тысячы рублёў. Працуем згодна з праектнай дакументацыяй. Экскаватаршчык Валерый Свіры-дзенка капае каналы. Каб дрэнажная труба ўкладвалася роўна, у адказе мантажнік Каліна Сцепаненка. Пасля ўкладкі трубу важна засыпаць раслінным слоем з зямлёй – без ручной работы не абысціся, за рыдлёўку бярэцца рамонтнік Віктар Васілеўскі. Ну, а потым дрэну засыпае машыніст бульдозера Сяргей Мігуцкі. За дзень укладваем да паўкіламетра дрэнажу. На аб’екце «Леніна» 17 кіламетраў дрэнажу, 13 з іх паклалі. Справімся з гэтым аб’ектам – пераедзем на аб’ект «Гарбузы», дзе таксама будзем весці рэканструкцыю.

У брыгадзе меліяратараў шмат вопытных спецыялістаў, прафесіяналаў сваёй справы. Амаль сорак гадоў прысвяціла меліярацыйнай справе старшы майстар Валянціна Спірыдава. Як ніхто іншы, Валянціна Іванаўна ведае арганізацыю і тэхналогію вытворчасці меліярацыйных работ, а таксама свой дружны і надзейны калектыў былога ПМС. Вельмі важна, што тут працуе калектыў аднадумцаў, людзі адказна ставяцца да даручанай справы, выконваюць яе добрасумленна.  Пацвярджэнне таму – шматлікія граматы і падзякі, якія за час сваё работы атрымліваў кожны меліяратар. Напрыклад, прозвішча Каліны Сцепаненкі некалькі гадоў таму было занесена на раённую Дошку гонару, а Валерый Свірыдзенка мае ганаровае званне «Заслужаны меліяратар Рэспублікі Беларусь». Працоўны стаж абодвух – больш за сорак гадоў.

– Мне, маладому спецыялісту, пашанцавала пачынаць сваю прафесійную дзейнасць у такім вопытным калектыве, – кажа Дзмітрый Каралёў. – Я ўдзячны  старэйшым калегам за вопыт, які набываю падчас работы.

Акрамя рамонтных работ, меліяратары займаюцца прамыўкай дрэнажных сістэм, адказваюць за догляд каналаў, высякаюць кустоўе. Вядучы інжынер-гідратэхнік Жанна Чарнова падлічыла, што сёлета спрацавалі нядрэнна: па доглядзе за меліярацыйнымі сістэмамі выканалі работ на 105 тысяч рублёў (гэта на 73% больш, чым было запланавана).

Праз тыдзень у меліяратараў пачынаецца яшчэ адна важная работа –  абкошванне каналаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Надрукавана ў №43 ад 05.06.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *