Начали работать школьные лагеря в Шумилинском районе

Образование Общество

Школьны летнік: урокаў не будзе

Цікавыя мерапрыемствы, разнастайныя гурткі, трохразовае харчаванне, мора пазітыўных эмоцый – усё гэта і нават больш гарантавана дзецям у школьных летніках

На базе сярэдняй школы №2 зараз працуюць адразу тры школьныя летнікі, якія наведваюць вучні дзвюх гарадскіх школ. Адзін з іх – працоўны.

У суботу мы завіталі на змену, каб даведацца, як праводзіць час дзятва.

– Урокаў няма – і гэта ўжо выдатна. Мы малюем, гуляем, шмат бываем на вуліцы. Мне весела з сябрамі, і я рад, што не давялося з імі развітвацца, – расказаў Міша Сініцын.

– А яшчэ нас смачна кормяць. Учора, напрыклад, на падвячорак быў зефір, сёння яблыкі дадуць, – уключылася ў гутарку Ульяна Марозава.

Дзеці прыходзяць у школу (кожны дзень акрамя нядзелі) у 8.30 і застаюцца да паловы чацвёртай. Змена доўжыцца 18 дзён. Пачынаецца дзень з зарадкі, працягваецца сняданкам, а затым – мерапрыемствы, гурткі, спартыўныя спаборніцтвы. Больш за ўсё, як высветлілася, школьнікі любяць дыскатэкі, якія тут праводзяцца на свежым паветры.

– Гурткі ў летніку арганізуюць педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дзеці малююць, плятуць з бісеру, вырабляюць арыгамі і нават танцуюць, – расказала намеснік дырэктара СШ №2 Маргарыта Федчанка. – Складаная эпідсітуацыя пазбавіла нас магчымасці арганізоўваць экскурсіі. Але мы ўжо дамовіліся з ДАІ, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, газавай службай пра тое, што яны завітаюць у летнік з цікавымі выступленнямі.

Да слова, работа школьных летнікаў арганізавана з улікам пандэміі каранавірусу. У дадатковай колькасці набыты сродкі дэзынфекцыі, кожныя дзве гадзіны ідзе санітарная апрацоўка памяшканняў. Дзеці і выхавальнікі, знаходзячыся ў пакоях, выкарыстоўваюць ахоўныя маскі. Кожны дзень ладзіцца замер тэмпературы. Як расказала начальнік лагера Ірына Качан, усе гэтыя меры строга вытрымліваюцца.

Пуцёўка на аднаго дзіцяці каштуе 107 рублёў, бацькі ж выплачваюць усяго 22 рублі. У канцы змены ўсіх выхаванцаў чакаюць падарункі.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №44 ад 09.06.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *