19 чэрвеня з рабочым візітам наведаў Шумілінскі раён старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Міхайлавіч Хвацік

Грамадства Сельское хозяйство

З  клопатам  пра  чалавека  працы

19 чэрвеня з рабочым візітам наведаў Шумілінскі раён старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Міхайлавіч Хвацік, які пабываў у  сельгаспрадпрыемстве «Лаўжанскае».

Кіраўнік рэспубліканскага прафсаюза сустрэўся з механізатарамі прадпрыемства прама на іх працоўным месцы.

Васіль Міхайлавіч адзначыў, што Шуміліншчына яму знаёмая са студэнцкіх гадоў – калісьці на Обальскім керамічным заводзе працаваў ў складзе студатрада.  Гутарка вялася непрымусовая, у рабочай абстаноўцы, ля кормаўборачных камбайнаў і трактароў. Прафсаюзны лідар цікавіўся арганізацыяй работы ў гаспадарцы падчас касавіцы, заробкамі механізатараў, іх умовамі працы, забеспячэннем спецформы. Асаблівы акцэнт зрабіў на клопат пра чалавека, на ахову і бяспеку працы, на тое, што кожны трактар павінен быць абсталяваны сродкамі пажаратушэння. Васіль Хвацік пацікавіўся, як харчуюцца працаўнікі палеткаў. Даведаўшыся, што ў «Лаўжанскім» свая сталовая, застаўся задаволеным. А ў далейшым парэкамендаваў кіраўніцтву гаспадаркі перайсці на аднаразовы посуд або індывідуальныя тэрмасы для кожнага механізатара.

В. М. Хвацік расказаў, што перад Шумілінскім раёнам ён наведаў Полацкі. І ў абодвух убачыў добрую арганізацыю работы падчас касавіцы. Інтэграцыйныя структуры, якія створаны на Віцебшчыне,  – гэта чарговы і вельмі важны крок наперад для сельскай гаспадаркі. Сельспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуры, не застаюцца сам-насам з праблемамі, а адчуваюць істотную падтрымку тэхнікай, запчасткамі, угнаеннямі.

Пра нарыхтоўку кармоў у гаспадарцы і падтрымку Віцебскай інтэграцыйнай структуры расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» Пётр Кунштэль. Перад механізатарамі пастаўлена сур’ёзная задача – скасіць 2400 гектараў палеткаў, нарыхтаваць 4200 тон сенажу. Варта назапасіць паўтарагадовы запас кармоў – сельгаспрадпрыемства мае не толькі малочна-таварныя фермы, але і комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы.

Пра добрую работу сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» гаварылі старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома, начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Бабаед.

Васіль Хвацік падзякаваў за добрую работу лаўжанскім механізатарам, уручыў падарункі і прэміі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *