Да  кожнай  праблемы  адыходзіць  індывідуальна

Закон Общество

З лютага на пасадзе намесніка пракурора Шумілінскага раёна служыць Арсеній Аляксеевіч Дзянісаў.

Спакойны і разважлівы, упэўнены і мэтанакіраваны, удумлівы і кампетэнтны – менавіта такія характарыстыкі даюць намесніку пракурора калегі і грамадзяне, якія былі ў яго на асабістым прыёме. За шэсць месяцаў работы ў Шуміліне на прыём да Арсенія Аляксеевіча прыйшло больш за 20 чалавек. «Людзі ў пракуратуру ў сваёй большасці прыходзяць як у апошнюю інстанцыю, – разважае пракурор. – І тут важна дапамагчы чалавеку. Юрыдычна растлумачыць, пракансультаваць. Калі пытанне ў кампетэнцыі пракуратуры, то дапамагчы вырашыць праблему, а калі не – дапамагчы накіраваць у адпаведную інстанцыю. Неабходна да кожнай праблемы, да кожнага чалавека падыходзіць індывідуальна, улічваючы ўсе нюансы».

У пракурорскай сістэме Арсеній Дзянісаў служыць 7 год. Быў памочнікам і старшым памочнікам пракурора Чашніцкага раёна, памочнікам пракурора Віцебска, намеснікам пракурора Расонскага раёна. Ён упэўнена сцвярджае, што любы пракурорскі работнік – універсальны работнік, які павінен разбірацца ва ўсіх сферах і галінах жыцця. «Спецыфіка работы ў пракуратуры не дазваляе стаяць на месцы і не развівацца, – расказвае Арсеній Аляксеевіч. – Падрыхтоўка да судовага пасяджэння – гэта адно, тут больш надаеш увагі прававым кодэксам, улічваеш абставіны і юрыдычную практыку. А вось праверка арганізацый і прадпрыемстваў – зусім іншае. Перш чым прыступіць да праверкі, скрупулёзна вывучаеш спецыфіку прадпрыемства, нарматыўна-прававую базу вытворчасці – толькі ў гэтым выпадку можна нармальна правесці праверку».

Арсенію Дзянісаву падабаецца яго работа. Як сам прызнаецца, жаданне служыць у пракуратуры з’явілася ў 16 год, калі быў на першым курсе аддзялення правазнаўства Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. А да гэтага ў хлопца былі зусім іншыя мары: 9 год прафесійна займаўся футболам ў віцебскай футбольнай школе, варатар Дзянісаў выступаў за наваполацкі «Нафтан» у сваім узросце, станавіўся бронзавым прызёрам рэспубліканскага першынства, «Цяжкая траўма спыніла маю футбольную кар’еру, – расказвае Арсеній. –  Прыйшло разуменне, што трэба вызначацца ў жыцці. Лічу, што мне проста пашанцавала: у тэхналагічны каледж рабіўся эксперыментальны набор на аддзяленне правазнаўства і праз пару месяцаў вучобы я літаральна ўлюбіўся ў юрыспрудэнцыю, а яшчэ праз невялікі час паставіў перад сабой задачу – буду пракурорскім работнікам».

А футбол застаўся любімым хобі Арсенія Дзянісава. Ён выступае за зборную каманду пракурорскіх работнікаў Віцебскай вобласці, на традыцыйным рэспубліканскім турніры па міні-футболе віцябляне пастаянна змагаюцца за прызавую тройку, а летась лепшым галкіперам спаборніцтваў прызналі Арсенія Дзянісава.

Работа ў пракуратуры займае шмат часу. Бывае, што дадому Арсеній вяртаецца позна, бывае, што і выхадных няма. Але Арсеній Дзянісаў навучыўся радавацца сямейным дробязям і знаходзіць у гэтым пазітыў. Тым больш, што ў яго расце дачка Мія, якой нядаўна споўніўся год і два месяцы. І вось гэтыя «першы зубік», «першы крок»,  «першае слова»  сталі сапраўдным сэнсам жыцця Арсенія.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *