Шумилино праздновало День Независимости

Главное Край шумілінскі Общество

Урачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці ладзіліся ў Шуміліне 3 ліпеня

Цёплым і сонечным выдаўся святочны дзень. А тое, што з раніцы неба крыху «праслязілася» – дык гэта ў памяць пра маладога салдата, якога маці не дачакалася з фронту; пра спаленую вёску, што так і не адрадзілася да жыцця; пра дзясяткі тысяч скалечаных вайной лёсаў… Так, мы плачам і радуемся адначасова, сплятаючы ў адно пякучы боль, бязмежную ўдзячнасць і жыццесцвярджальную непераможную радасць ад магчымасці жыць у мірнай незалежнай краіне.

Мінулых  год  святая  Памяць

На брацкіх могілках у Шуміліне ладзіўся традыцыйны мітынг. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары горада прыйшлі сюды з кветкамі. Сярод гасцей – дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе Аляксандр Капшуль.

35 год таму да саракагоддзя Вялікай Перамогі першай у Савецкім Саюзе была выдадзена кніга «Памяць» Шумілінскага раёна. Гэты факт натхніў творчы калектыў раённай бібліятэкі зрабіць кнігу галоўным героем свята. Атрымалася яркае, кранальнае прадстаўленне. Мы разам гарталі старонкі гісторыі малой радзімы ад моманту, калі сённяшні райцэнтр быў невялікай вёскай з 38 жыхарамі.

…У 1928 годзе ў вёсцы Боськава арганізаваны першы калгас «Іскра»… 8 ліпеня 41-га Шуміліна захапілі гітлераўцы, 10 тысяч шумілінцаў усталі на абарону радзімы, кожны трэці не вярнуўся дамоў…

Аднаўленне народнай гаспадаркі, запуск торфазавода імя Даўмана, брыкетнага завода «Дабееўскі мох», Обальскага керамічнага завода…

Кніга не заканчваецца, мы працягваем яе для нашчадкаў, упісваючы свае дасягненні і перамогі. Барацьба за незалежнасць і суверэнітэт не спыняецца і сёння. Пра гэта гаварыў, узяўшы слова на мітынгу, кіраўнік раёна Віктар Гутараў.

– Незалежнасць – гэта магчымасць займацца любімай справай, гэта спакой у сям’і і краіне, гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – сказаў Віктар Сяргеевіч. – Нам падарылі мір і свабоду, адваявалі яе ў ворага, і цяпер перад намі надзвычай адказная задача – захаваць сваю краіну. У нас ёсць усё для таго, каб Беларусь жыла і квітнела. Галоўнае – працавітыя, разважлівыя, памяркоўныя людзі.

Кіраўнік раёна адзначыў зладжаную работу буйных прадпрыемстваў раёна, што дазваляе ім упэўнена канкурыраваць на рынку. Выказаў удзячнасць медыкам, якія годна вытрымалі ўдар пандэміі, паведаміў, што ўжо ў бліжэйшыя дні цэнтральная раённая бальніца вяртаецца да работы ў звычайным рэжыме.

Віктар Сяргеевіч расказаў пра работу, што вядзецца па падрыхтоўцы да абласнога свята працаўнікоў сяла «Дажынкі», якія ў 2021 годзе пройдуць у нашым раёне. Многія праекты ўжо распачатыя – асфальтаванне дарог, капітальны рамонт школ, жылля, добраўпарадкаванне вуліц.

… Пакуль мы памятаем, жыццё працягваецца. Сіла продкаў дае ўпэўненасць у стабільным, мірным, шчаслівым заўтра.

Жыць,  любіць,  тварыць

Шматлікія творчыя і забаўляльныя праекты прапанавалі ўдзельнікам свята гісторыка-краязнаўчы музей, раённая бібліятэка, Дом рамёстваў, цэнтр дзяцей і моладзі, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і іншыя арганізацыі.

Каля музея разгарнуліся тэматычныя выставы, прысвечаныя баявым і працоўным подзвігам шумілінцаў, інтэрактыўным музейным праектам.

Бібліятэка прапанавала цікавы праект «Месца ў гісторыі». Напрыклад, не кожны ведае, што на месцы фантана ля бібліятэкі раней стаяў помнік Леніну, а ў гарадскім парку некалі быў цір. Сабраныя ў адной выставе, знакавыя аб’екты раёна шмат раскажуць пра малую радзіму.

Майстры Дома рамёстваў прапанавалі майстар-класы па лазапляценні, маляванцы і шматковай тэх-ніцы. Лялечны тэатр «Батлейка» прэзентаваў беларускую народную казку «Лёгкі хлеб». Дарэчы, зараз майстры рыхтуюцца да ўдзелу ў фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Напрыклад, Кацярына Барабанава заканчвае работу над цыклам маляванак «Поры года».

Вучні школы мастацтваў разгарнулі ў парку пленэр. Клопат забаўляць дзяцей цікавымі шумнымі гульнямі, як заўжды, узяў на сябе цэнтр дзяцей і моладзі.

«Пішам  гісторыю  самі»

На пляцоўцы ля гісторыка-краязнаўчага музея прайшло падвядзенне вынікаў раённага конкурсу лета-пісаў «Гісторыя ў дакументах ці Пішам гісторыю самі». Раённая арганізацыя  «Белая Русь» разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выступілі арганізатарамі конкурсу.  Пераможцаў віншавала намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна адзначыла, што час ідзе, рэарганізуюцца і ліквідуюцца асобныя прадпрыемствы і арганізацыі, і для гісторыі раёна неабходна захаваць інфармацыю пра іх, пра іх работнікаў, якія ўносілі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Шуміліншчыны. Менавіта такая задача стаяла перад удзельнікамі конкурсу летапісаў.

Ірына Шалахава ўручае дыплом пераможцы конкурсу летапісаў Але Бубен.

У конкурсе вынікі падводзіліся па дзвюх намінацыях. У намінацыі «летапіс рэарганізаваных арганізацый» пераможцам стала дабейскі бібліятэкар Ала Бубен за летапіс Дабейскай пачатковай школы, другое месца атрымала педагог раённай гімназіі Вера Якубёнак за гісторыю ўстаноў адукацыі, якія працавалі ў Лескавічах, трэцяе заваяваў калектыў аўтараў з аддзела адукацыі райвыканкама з летапісам Язвінскай школы. У намінацыі «летапіс ліквідаваных арганізацый» першае месца за летапіс торфапрадпрыемства «Дабееўскі мох» атрымала вучаніца Шумілінскай СШ №2 Іванова Вікторыя, другое – за гісторыю Мазурынскай школы вучаніцы Мікіціхінскай СШ Цобанава Ганна і Шчукіна Ксенія, трэцяе – настаўніца Слабадской дзіцячы сад – базавай школы Святлана Калеснікава за летапіс Сіроцінскай школы. Ірына Шалахава ўручыла пераможцам і ўдзельнікам конкурсу дыпломы і сувеніры, зробленыя майстрамі Обальскага керамічнага завода.

Вышыванка – пасланне праз  стагоддзі

Асаблівай папулярнасцю карысталася інтэрактыўная пляцоўка «Вышыванка», арганізаваная райкамам ГА  БРСМ і Домам рамёстваў.  «Вышыванкі з’яўляюцца сапраўднай візітнай карткай Беларусі. Вышыты нацыянальны арнамент – гэта не проста ўпрыгожванне, гэта своеасаблівы шыфр, які праз стагоддзі перададзены нам продкамі, – адзначыла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева. – Кожны ўзор у арнаменце – гэта сімвал. У нашы дні нацыянальны арнамент набірае ўсё большую папулярнасць. Вышыванкі  – гэта не толькі патрыятычна, але і модна, стыльна сярод людзей усіх узростаў». Кожны жадаючы ў гэты дзень мог атрымаць сувенір з нацыянальным арнаментам, а для гэтага неабходна было паўдзельнічаць у віктарыне «Беларусь – маё натхненне».  І жадаючых было дастаткова.

Многія спрабавалі сябе ў майстар-класе па вышыўцы нацыянальных арнаментаў. Як высветлілася, гэта не такая простая справа, тут неабходна не толькі цярпенне, а і ўменне.

А для самых юных грамадзян за радасць стала нанесці на рукі ці твар аквагрымам нацыянальны арнамент, тым самым падкрэсліваючы, што яны – беларусы.

Дзіцячая  пляцоўка

Для самых маленькіх грамадзян Рэспублікі Беларусь арганізатары – раённы Цэнтр культуры – прапанаваў захапляльны інтэрактыўны тэатр з гульнявымі момантамі. Казачныя і мульцяшныя персанажы як маглі весялілі малых, прапаноўваючы цікавыя гульні і забавы, за ўдзел у якіх дзеці атрымлівалі салодкія пачастункі ад раённай арганізацыі «Беларускага фонду міра».

Падарунак для аматараў футболу

Засумавалі шумілінцы без вялікага футбола. І добрым падарункам на Дзень Незалежнасці  для футбольных заўзятарам стаў таварыскі матч аматарскіх каманд Шуміліна, які быў арганізаваны фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам.

Матч пачаўся без якойсці разведкі: у першыя хвілін дзесяць «Шуміліна-2» забіла два галы, а «Шумі-ліна-1» – адзін.  І далей сустрэча праходзіла па цікавым сцэнарыі,  пад воклічы заўзятараў футбалісты яшчэ змаглі вызначыцца чатыры разы.

Хаця матч і быў таварыскім, напружання і барацьбы хапала. «Шумі-ліна-2» з лікам 4:3 змагла вырваць перамогу ў гэтай сустрэчы.

З  песнямі – да  ветэранаў

У рамках абласной патрыятычнай акцыі «Дарогамі памяці» работнікі філіяла «Аўтаклуб» раённага цэнтра культуры правялі ў Шуміліне і вёсках раёна шэраг мерапрыемстваў. Аўтаклуб весяліў песнямі жыхароў вуліц Мясаедава і Мінчугова. «Таксама з віншаваннямі мы наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны М. М. Чапурнова, Н. Л. Быкаву, Р. М. Бяззубенку, – расказала загадчыца аўтаклуба Вольга Пырх. – Міні-канцэрты правялі ў Мікалаеве і Кардоне».

3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, работнікі аўтаклуба з канцэртна-забаўляльнай праграмай  выязджалі ў аграгарадкі Мікіціха, Слабада, вёскі Пабеда, Добрына, Язвіна.

Льецца песня

Завяршаючым акордам святкаванняў у Шуміліне Дня Незалежнасці стаў канцэрт «Разам са сваёй краінай».   Са сцэны гучалі сучасныя і народныя песні-прызнанні ў любові да роднай Беларусі. Блок песень быў прысвячаны 75-годдзе Перамогі.

А ў 21.00 шумілінцы далучыліся да рэспубліканскай акцыі і разам заспявалі Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь. Гэта стала фінальнай кропкай святочных мерапрыемстваў.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Аляксандр ШЭДЗЬКО, Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *