В хозяйствах Шумилинского района идёт подготовка к уборке зерновых

Сельское хозяйство

На  палеткі  выедуць  39  камбайнаў

Хаця для сельгаспрадпрыемстваў зараз гарачая пара – ідзе нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу, стартавала ўборка свірэпіцы на насенне, – усё ж у арганізацыях знаходзяць сілы, час і сродкі для рамонту камбайнаў, бо лічаныя дні засталіся да пачатку ўборкі зерневых культур. Сродкі на запчасткі сельгаспрадпрыемствы выдзяляюць уласныя, у большасці выпадкаў гэта грошы, выручаныя ад здачы малака.

У гаспадарках адрамантавалі па аднаму-два камбайну, якія задзейнічаны на ўборцы сурэпіцы і рапсу. Астатнія яшчэ даводзяць да ладу. Лепш за ўсіх з рамонтам спраўляюцца ў КУСГП «Ульскі» і ААТ «Ляжні», паведамілі ва ўпраўленні райсельгасхарчу.

– Плануецца, што на жніво ва ўсіх гаспадарках раёна выедуць 39 камбайнаў, – расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Мацюшчанка. –  Пакуль што гатова 83% ад запланаванага. З дробным рамонтам механізатары спраўляюцца сваімі сіламі. Выключэнне складаюць рухавікі, якія возяць на маторарамонтны завод у Віцебск. Так, нядаўна работнікі ААТ «Прыазёрны мір» забралі адтуль адрамантаваны рухавік, які абышоўся ў 16 тысяч рублёў. Грошы для аплаты былі выдзелены з абласнога бюджэту. На маторарамонтным заво-дзе засталіся яшчэ два рухавікі – з «Прыдзвінскага» і «Прыазёрнага міру», якія хутка будзем забіраць. Вельмі спадзяемся на чарговы транш з абласнога бюджэту.

– Як ацэньваеце камбайнавы парк нашага раёна ?

– У асноўным на Шуміліншчыне камбайны 2011 або 2012 гадоў выпуску, – кажа Андрэй Леанідавіч Мацюшчанка. – Як правіла, многія з іх патрабуюць значнага рамонту.

У «Прыазёрным міры» ёсць камбайны 2015 года, а самы новы, 2017 года выпуску, – у ААТ «АграБаравінка». Але стан сельгасмашын залежыць не ад году выпуску, а ад чалавека – як рамантавалі камбайны, як даглядалі, чысцілі, змазвалі агрэгаты.

Камбайнаў на ўборачную нам хопіць, праблема з работнікамі, якія сядуць за руль. Ужо сёння кіраўнікі многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна шукаюць сабе камбайнераў, запрашаюць папрацаваць у гаспадарку на час жніва механізатараў прамысловых прадпрыемстваў.  Рыхтуецца распараджэнне райвыканкама, згодна з якім у многія гаспадаркі прыедуць «на прарыў» шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў, яны сядуць за штурвалы камбайнаў, за руль трактароў і машын, якія будуць задзейнічаны на адвозцы зерня.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *