Когда директор – Дед Мороз

Новости Сельское хозяйство

Выдатна, калі ваш дырэктар яшчэ і Дзед Мароз
Падчас навагодніх святаў Дзядоў Марозаў і Снягурак можна было сустрэць не толькі на парадзе ў райцэнтры, але і ў многіх вёсках, на фермах, у майстэрнях, на машынных дварах.
Выдатную віншавальную праграму падрыхтавалі ў ААТ “Лаўжанскае”. “Дзед Мароз са Снягуркай у нас былі сучасныя – з ноутбукам, – кажа старшыня прафсаюзнага камітэта акцыянернага таварыства Л. П. Купрыянава. –  Ролю гэтых казачных герояў вельмі добра выконвалі эканаміст Валянціна Новікава і прараб Сяргей Караткевіч. З віншаваннямі завіталі на ўсе трынаццаць аб’ектаў сельгаспрадпрыемства. А таксама наведалі школу і дзіцячы сад, мясцовую амбулаторыю. Усюды Дзеда Мароза і Снягурку сустракалі радасна, усе дзякавалі за віншаванні. Свята атрымалася”.
Дарэчы, на кожную ферму да навагодніх святаў прафкама ААТ “Лаўжанскае” падарыў па чайнаму сервізу. А  паміж калектывамі фермаў праводзілася спаборніцтва на лепшае навагодняе ўпрыгожванне пакояў адпачынку. Вынікі будуць падведзены на справаздачным сходзе, а за першыя тры месцы пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі.
Весела прайшлі навагоднія святы ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”. Не першы год выручае сельгаспрадпрыемства жыхар райцэнтра Алег Ткачоў. Вось і сёлета не адмовіў райаграсэрвісу ў дапамозе – быў Дзедам Марозам і баяністам у адной асобе. Да пары яму была і Снягурка – прыгожая, энергічная (яе ролю выконвала эканаміст Ала Шалянкова). На кожную ферму Дзед Мароз са Снягуркай прынеслі не толькі салодкія падарункі, але і чайныя наборы, каб жывёлаводы ў вольны ад работы час маглі папіць кавы ці гарбаты. “Сёлетняе ўбранства пакояў адпачынку вельмі спадабалася, – адзначае старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства В. А. Клюева. – Літаральна на ўсіх фермах і ёлку паставілі, і пакой адпачынку ўпрыгожылі. Асабліва пастараліся калектывы ферм Баёўка і Смалькі. Яны каторы год у лідарах па ўпрыгожванні”.
Чакалі Дзеда Мароза і на фермах ААТ “АграБаравінка”. І ён прыехаў разам са Снягуркай. Ды не з пустым мехам – прывёз салодкія падарункі, торты.
Больш афіцыйным было віншаванне ў ААТ “Прыазёрны мір”. Тут развозіў падарункі дырэктар акцыянернага таварыства В. В. Юхнавец. Уручыў іх 189 работнікам сельгаспрадпрыемства, завітаў на кожную ферму. Такім віншаваннем жывёлаводы і механізатары былі таксама задаволены. Яшчэ б! Гэта ж выдатна, калі ваш дырэктар яшчэ і Дзед Мароз!
Ларыса Кісялёва.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *