З днём нараджэння, Шумілінскі раён!

Главное Край шумілінскі

З днём нараджэння, Шумілінскі раён!


17 ліпеня наш родны Шумілінскі раён святкуе свой 96-ты дзень нараджэння. Сёння нам цікава азірнуцца назад,
паглядзець, як і чым жылі шумілінцы амаль сто гадоў назад. У гэтым нам дапаможа кніга “Памяць. Шумілінскі раён”, іншыя інфармацыйныя крыніцы.

Сацыялістычнае будаўніцтва
…У 1924 годзе ў складзе Віцебскай акругі быў створаны Сіроцінскі раён з цэнтрам у мястэчку Шуміліна. На тэрыторыі раёна ўтворана 12 сельсаветаў: Ровенскі, Казьянскі, Мішневіцкі, Спаскі, Сіроцінскі, Жарабыцкі, Шумілінскі, Лаўжанскі, Дабейскі, Пагарэліцкі, Амбросавіцкі, Валатоўскі. Агульная тэрыторыя раёна складала 1200 кв. км. У 582 населеных пунктах, аб’ядноўваючых 8115 асобных гаспадарак, пражывала 45 397 чалавек, з іх у вёсках – 43 636, у мястэчках – 1761…
На першым пасяджэнні Сіроцінскага райвыканкама размеркаваны абавязкі паміж яго членамі і зацверджаны кіруючыя работнікі сельсаветаў; першым старшынёй райвыканкама стаў Ф. С. Шляхтуноў. У снежні 1924 г. адбыўся 1-шы раённы з’езд Саветаў…

Сіроцінскі раён у 30-я гады
Згодна з тытульным спіскам 1931 г., у раёне 33 прадпрыемствы з агульнай колькасцю рабочых 1026. Сярод прадпрыемстваў: торфазавод, 2 торфаарцелі, 2 кавальска-слясарныя майстэрні, 5 цагельных заводаў, гонтавая арцель, сеткавязальная арцель, 2 воўначасалкі, сукнавальня, швейная арцель, 8 млыноў, 6 маслазаводаў.
Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі раёна ў 1931-32 гг. былі: торфаарцель “Дружба” (30 рабочых), торфазавод імя Даўмана (449 рабочых), льнозавод (131 рабочы), арцель сеткавязанняў (120 рабочых), арцель “Свая праца” (42 рабочыя), цагельны завод (54 рабочыя).
Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца ў льно-малочным накірунку. У раёне 5 саўгасаў: “Лескавічы” – з садова-гародніннай спецыялізацыяй, плошча сельгасугоддзяў 829,98 га, рабочых – 80, буйной рагатай жывёлы 187 галоў, коней – 60; “Чэрніцы” – з лугавой спецыялізацыяй, плошча сельгасугоддзяў 200,56 га; імя Даўмана, плошча сельгасугоддзяў 97,0 га; птушкаводчы, прыгарадны, плошча сельгасугоддзяў 205,87 га.
У раёне налічваецца 10634 гаспадаркі, з іх на 1.1.1933 г. калектывізавана 3923, што складае 36,9%. Усяго ў раёне 176 калгасаў, якія па плошчы сельгасугоддзяў займаюць 47,9%.
У калгасах раёна маюцца наступныя фермы: свінаферм 24, агульнае пагалоўе на 20.12.1932 г. – 574; малочнатаварных ферм 26, агульнае пагалоўе на 10.12.1932 г. – 1917; па вырошчванні маладняку (цялят) 37, агульнае пагалоўе на 1.12.1932 г. – 1047; конеферм 4, агульнае пагалоўе – 157.
У раёне ёсць МТС, трактарны парк якой складаецца з 30 трактароў, абслугоўвае 40 калгасаў.
У калгасах раёна налічваецца наступная колькасць складаных сельскагаспадарчых машын: сенакасілак 33, конных грабляў 62, жняярак-самаскідак 72, жняярак-снопавязалак 6, сеялак радковых 59, складаных малатарняў 6.
У МТС складаных малатарняў 18, льноцерабілак 41, сеялак радковых 4. Пасяўная плошча раёна ў 1932 г. складала 51 735 га, у тым ліку: зерневых культур 54,5%, бульбы 15,7%, тэхнічных культур 19%, траў 6,2%.

Будынак Казьянскай сямігадовай школы, 1936 г.

Сетка навучальных устаноў раёна на 1.1.1933 г.: пачатковых школ 65, у іх настаўнікаў 149, вучняў 5655; сямігадовых 16, у іх настаўнікаў 112, вучняў 3776. Працэнт граматнасці па раёне 94.
Партарганізацыя раёна складаецца з 21 ячэйкі з агульнай колькасцю камуністаў – 237. З іх членаў КП(б)Б 131, кандыдатаў 106. Камсамольская арганізацыя раёна складаецца з 48 ячэек з агульнай колькасцю камсамольцаў 633.
У раёне выходзіць газета “Ленінскі шлях”. Арганізаваны палітаддзел пры Сіроцінскай МТС.
З даведніка “Усе раёны БССР”. – Мн., 1933, с. 240–242.
Шумілінскі раён сёння
Плошча раёна – 1,7 тыс. кв. км. Насельніцтва – 17,6 тысячы чалавек, у тым ліку гарадское – 9,7 тысячы, сельскае – 7,9 тысячы. У г.п. Шуміліна пражывае 7,4 тысячы чалавек, у г.п. Обаль – 2,3 тысячы. Колькасць працаздольнага насельніцтва 9052 чалавекі.
Эканоміка
Сельская гаспадарка. У рэгіёне дзейнічаюць 4 ад-крытыя акцыянерныя таварыствы, 3 камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства, 10 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. У склад інтэграцыйных структур Віцебскай вобласці увайшлі 3 прадпрыемствы: СУП “Лаўжанскае і ААТ “АграБара-вінка” (ІС ААТ “Віцебскі мясакамбінат”) і КУСГП “Ульскі (ІС “Полацкі малочны камбінат”). ТАА “Вітконпрадукт” вырошчвае і перапрацоўвае штогод 4500 тон мяса куранят-бройлераў. Агульная плошча сельгаспрадпрыемстваў складае 71 тыс. га, у тым ліку ворыўных земляў – 29,9 тысячы га. У прадпрыемствах працуе 207 трактараў, з іх 31 – энерганасычаны. У раёне 40 ферм, з іх 30 – малочнатаварныя.
Прамысловасць прадстаўлена ААТ “Обальскі кера-мічны завод”, ТАА “Вежа”, ВУП “Славянскі прадукт”, ААТ “Альянспластрэсурс”, вытворчы цэх ААТ “Малако”, участак па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ПУ “Віцебскторф”, вытворчы ўчастак ТАА “Вітконпрадукт”, якія вырабляюць цэглу будаўнічую, слабаалкагольныя напіткі і віно пладовае, сыры, гарэлку, паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы.
Малы бізнес прадстаўлены 99 юрыдычнымі асобамі і 194 ІП. 28 арганізацый займаюцца перавозкамі, 21 – гандлем, 13 – вытворчай дзейнасцю.
Гандаль: дзейнічае 178 стацыянарных аб’ектаў рознічнага гандлю плошчай 7,9 тысячы кв. м, 29 аб’ектаў грамадскага харчавання на 1202 пасадачныя месцы.
Будаўніцтва ажыццяўляюць КУСП “Шумілінская ПМК-70” і філіял “Шумілінскае ДРБУ №204” КУП “Віцебск-аблдарбуд”.
Сацыяльная сфера
26 устаноў адукацыі, з іх 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучалася 1839 вучняў, 12 устаноў дашкольнай адукацыі з 728 выхаванцамі, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
У сістэму аховы здароўя ўваходзяць Цэнтральная раённая бальніца, Обальская ўчастковая бальніца, Макалаеўская бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй, 4 амбулаторыі агульнай практыкі, 12 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 7 аптэк.
Культура раёна прадстаўлена гісторыка-краязнаўчым музеем з філіялам у г. п. Обаль, Домам рамёстваў, раённым цэнтрам культуры, 11 клубамі, 1 аўтаклубам, 17 бібліятэкамі, 3 клубамі-бібліятэкамі, 1 бібліёбусам, 2 дзіцячымі школамі мастацтваў. 15 творчых калектываў носяць званне “народны”, 7 – “узорны”.
Спорт і турызм прадстаўлены Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву (229 навучэнцаў) і ўстановай «Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр». У раёне маецца 91 спартыўны аб’ект. Працуюць 5 аб’ектаў агрэкатурызму, дом паляўнічага ДЛГУ “Шумілінскі лясгас, рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Казьянскі”.
Падрыхтавалі Аліна ПЯТРОВА і Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №55 ад 17.07.2020 г.

Обальская сярэдняя школа, май 2020 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *