Как получить путёвку в санаторий – рассказывает специалист

Здоровье Общество

Ці не паехаць нам у санаторый?
Кожны год жыхары нашага раёна праходзяць аздараўленне ў санаторыях і прафілакторыях краіны. Сёлета, напрыклад, было выдзелена 13 пуцёвак для дарослых і 9 пуцёвак для дарослага і дзіцяці.


Як атрымаць пуцёўку ў санаторый? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да Святланы Архіпавай, вядучага спецыяліста прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Шумілінскім раёне.
– Перш за ўсё трэба напісаць заяву ў камісію па аздараўленні па месцы работы і прадставіць медыцынскую даведку, – кажа Святлана Фёдараўна. – Калі да нас паступаюць пуцёўкі, мы інфармуем пра гэта арганізацыі і прадпрыемствы, дзе ёсць жадаючыя паправіць сваё здароўе. Згодна з дадаткам да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 ад 28.08.2006 года «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва» кошт пуцёўкі налічваецца па спецыяльнай табліцы ў залежнасці ад сярэдняга заробку чалавека за апошнія 12 месяцаў. Напрыклад, пуцёўку ў Лепельскі ваенны санаторый (на 18 дзён), якая зараз каштуе 620 рублёў, чалавек аплаціць часткова, астатняя сума кампенсуецца з Дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
На падставе ліста з Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні ў першую чаргу пуцёўкі выдзяляем тым жыхарам раёна, якія перанеслі пнеўманію, выкліканую каранавіруснай інфекцыяй.
– А ці могуць атрымаць пуцёўку ў санаторый пенсіянеры? Што для гэтага неабходна?
– Трэба прыйсці ў наша прадстаўніцтва (кабінет №104 на першым паверсе райвыканкама), прынесці медыцынскую даведку аб тым, што патрабуецца аздараўленне, напісаць заяву і стаць у чаргу. Сума, якую трэба за-плаціць за пуцёўку, вылічваецца зыходзячы з памеру пенсіі заяўніка, – расказала Святлана Фёдараўна.

На рэабілітацыю – у «Жалезнякі»
Жыхары раёна, якія хварэлі на каранавірусную пнеўманію ў цяжкай і сярэдняй ступенях, маюць магчымасць на працягу двух тыдняў бясплатна падлячыцца ў рэабілітацыйным цэнтры «Жалезнякі» ў Віцебскім раёне.

«Пасля лячэння мы прапануем пацыентам рэабілітацыйны этап з прадаўжэннем лістка непрацаздольнасці, – расказала намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Ала Карапузава. – За май-чэрвень такую рэабілітацыю прайшлі 12 жыхароў раёна. На жаль, некаторыя нашы пацыенты адмаўляюцца ад рэабілітацыі. Але ж мы раім паехаць у «Жалезнякі», дзе ёсць салявыя пакоі і праводзяцца спецыяльныя працэдуры для нармалізацыі работы органаў дыхання».
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №56 ад 21.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *