У Башнях спаборнічалі вяскоўцы і гараджане

Новости Спорт, туризм

У Башнях спаборнічалі вяскоўцы і гараджане


У раёне стала добрай традыцыяй ўлетку праводзіць спартыўна-забаўляльнае свята «Лета – пара спартыўная». «Работнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра праводзяць спартыўныя мерапрыемствы ў Шуміліне, Обалі, у аграгарадках і вёсках, – расказвае галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Дубоўскі. – Такія мерапрыемствы цікавыя для мясцовага насельніцтва, спаборнічаюць у конкурсах і дзеці, і моладзь, і старэйшае пакаленне». Спартыўныя мерапрыемствы сёлета прайшлі ў Амбросавічах, Мікіцісе, Кардоне і ў Шуміліне.


У мінулую пятніцу цэнтрам спартыўнага жыцця стаў аграгарадок Башні, дзе на школьнай пляцоўцы ладзіліся спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы ў рамках акцыі «Лета – пара спартыўная». Дзетвары, якой багата сабралася, было з чаго выбраць: там спрабуюць сябе ў дартсе, далей дэманструюць свае ўменні скакаць на скакалцы, дзяўчынкі ва ўсю стараюцца паказаць сваю гібкасць, а для таго, каб пастраляць з пнеўматычнай зброі, трэба адстаяць у даволі доўгай чарзе. Старэйшыя таксама знайшлі сабе занятак: высвятлялі, хто лепшы ў стрытболе. У стрытбол гулялі не толькі башнёўскія падлеткі, а і тыя, хто прыехаў на лета да бабуль і дзядуль з гарадоў.
У конкурсах і спаборніцтвах час праляцеў незаўважна. Дзеці наперабой дзяліліся сваімі ўражаннямі:
– Я лепш за ўсіх скакаў на скакалцы, рыхтаваўся.
– Усюды паўдзельнічала, але найбольш спадабаўся дарст. Папрашу бацькоў, каб мне набылі яго дамоў.
– Я два разы страляў! Праўда, першы раз лепш атрымалася.
А закончылася мерапрыемства таварыскім футбольным матчам.
Як адзначыла старшы ўчастковы інспектар пра справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва, якая прысутнічала на мерапрыемстве, добра, што праводзяцца падобныя спартыўныя святы – непаўналетнім ёсць чым заняцца падчас летніх канікул.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *