День военно-морского флота чествовали в Шумилино

Новости Общество

Сем футаў пад кілем

26 ліпеня ветэраны ВМФ Шумілінскага раёна адзначылі Дзень ваенна-марскога флоту.

Ініцыятарам правядзення свята стала раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў (БСВМ). «У нашай арганізацыі каля сарака актыўных членаў, – адзначае старшыня раённай арганізацыі БСВМ Віктар Прыходзька. – Каля трыццаці год у апошнюю нядзелю ліпеня на Шумілінскім возеры мы адзначаем Дзень ВМФ. У гэты дзень да нас прыязджаюць былыя маракі з Ноаваполацка, Полацка, Віцебска, Талачына і Сянно».


…Калона аўтамабіляў з ваенна-марскімі сцягамі спачатку накіроўваецца ў Язвіна, на сімвалічную магілу капітана 3 рангу Анатоля Іспянкова. Ля помніка мараку-падводніку, які загінуў на падводнай лодцы «Камсамолец», выступіў аднакласнік А. Іспянкова Анатоль Каваленка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў. Анатоль Каваленка на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца адным з арганізатараў міжнароднага турніру па вольнай барацьбе, які праводзіцца ў Віцебску і прысвечаны памяці нашага земляка. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць пра загінуўшага марака хвілінай маўчання.
Асноўныя святочныя мерапрыемствы прайшлі на Шумілінскім возеры на «базе» ваенных маракоў. Пад «базай» маецца на ўвазе памятны марскі камень, прычал і ял. Самыя шчаслівыя ў гэты дзень былі дзеці, для якіх ваенныя маракі арганізавалі катанне на яле, а таксама частавалі цукеркамі. Узнімаюцца на флагштоках сцяг, гюйс і наборы сігнальных сцяжкоў. Старшыня раённай арганізацыі Віктар Прыходзька павіншаваў маракоў са святам:
– Мора для кожнага з нас – гэта святое. Прызнайцеся, што і сёння, калі ўжо даўно мы не ходзім па марах і акіянах, у снах мы бачым бясконцыя марскія прасторы. Мора – гэта назаўсёды. Мы прызвычаіліся жыць без яго, але ўсё роўна самае лепшае для нас пажаданне гэта «сем футаў пад кілем».
Віншаванняў у гэты дзень было шмат – цёплыя словы выказалі былыя пагранічнікі і дэсантнікі, прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага Фонду міра, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
Віктар Прыходзька і Валерый Жандараў уручылі актывістам раённых арганізацый Беларускага саюза ваенных маракоў і Беларускага саюза афіцэраў юбілейныя медалі «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў».
У гэты дзень было безліч марскіх успамінаў. Кожнаму ветэрану ваенна-марскога флоту было, што ўспомніць і расказаць, бо, як самі прызнаюцца, «мора – гэта на ўсё жыццё».
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў № 58 ад 28.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *