В школах Шумилинского района идёт проверка готовности к новому учебному году

Главное Образование

А тым часам школы рыхтуюцца да 1 верасня

На гэтым тыдні пачала работу раённая камісія па праверцы гатоўнасці школ да новага навучальнага года.

На аглядзе тэрыторыі Шумілінскай СШ №2 (справа налева): Ірына Шалахава, Валянціна Мянькова, Жанна Рагуновіч.

Як паведаміла рэдакцыі нашай газеты начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, будуць правераны ўсе 25 навучальных устаноў раёна, у тым ліку 5 сярэдніх школ, 4 базавыя (з іх адна – яслі-сад–базавая школа), 12 ясляў-садоў (у тым ліку адна яслі-сад–пачатковая школа), Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат, а таксама раённы цэнтр дзяцей і моладзі, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Праверка праводзіцца дасканала, члены камісіі аглядаюць літаральна кожны клас, кабінет, асаблівую ўвагу ўдзяляюць бяспецы, не саромеюцца пры абмеркаванні выказваць заўвагі і прапановы. Прапановы, вядома, у межах магчымага.
Так, пры наведванні Шумілінскага дзіцячага сада №4 (мікрараён СШ №2) спецыялісты звярталі ўвагу на тое, што электраправодка тут, як і ўсе камунікацыі 60-гадовай даўніны, г. зн. алюмініевая, небяспечная. Пакуль што спраўляецца з нагрузкай, але неабходнасць замены відавочная.
Наогул, гэтая дашкольная ўстанова адчувае перагруз – разлічаная на 50 дзетак, яна прымае сёння ўжо каля 80-ці. Калектыў садка стараецца прыняць усіх жадаючых, стараюцца і бацькі: дапамагаюць з рамонтам, афармленнем гульнявых вулічных зон. Тым не менш, магчыма, трэба арганізаваць падвоз дзетак у Светласельскі дзіцячы сад, выказала меркаванне намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Шумілінская СШ №2 зараз таксама, дзякуючы новаму мікрараёну, прырастае вучнямі. 1 верасня тут чакаюць 276 школь-нікаў, у тым ліку 22 першакласніка, паведаміла камісіі дырэктар школы Жанна Рагуновіч. Школа чакае ўсіх. Класныя кабінеты практычна гатовы, многія набылі новы дызайн, усё пафарбавана, адноўлена.

У асноўны будынак школы пераехаў сёлета клас хіміі, ён абсталяваны праектарам і ўсім неабходным рыштункам. Завозіцца абсталяванне і для кабінета працоўнага навучання: прафесійныя швейныя машыны, стол для раскрою, мэбля, прасы – усяго на 10 тысяч рублёў. Кабінет стане своеасаблівай творчай лабараторыяй для ўсяго раёна.
Істотную тэхналагічную падтрымку атрымаў школьны харча-блок: сюды завезены (і завозяцца) посудамыечная машына, электрамарміт, халадзільная шафа, шафа для хлеба і інш. (агульны кошт каля 8 тыс. руб).
Планавала школа завяршыць сёлета замену вокнаў, але з-за карэкціроўкі бюджэту выканаць гэтыя работы не ўдалося. Вокны і рамонт туалетаў запісаны ў першачарговыя планы на наступны год. Хаця вельмі просіцца ў гэты спіс і спартыўная зала, выгляд якой не дадае гонару Шуміліну.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №63 ад 14.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *