Жители дома №71 па улице Юбилейной в Шумилино сделали свой двор привлекательным

Общество

Утульны двор – сваімі рукамі

Калі кіраўніцтва УП ЖКГ аб’явіла конкурс-агляд па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, свае сілы ў гэтым конкурсе вырашылі паспрабаваць жыхары дома №71 па вуліцы Юбілейнай у г. п. Шуміліна.

Суседзі падтрымалі ініцыятыву па добраўпарадкаванні. І пачалася работа.
– Мы пастараліся ўкласціся ў мінімум сродкаў, – расказвае Аляксандр Яўсееў. – Сабралі грошы на фарбу, астатняе зрабілі сваімі сіламі. З’явіліся драўляны домік-альтанка, лёгкія арэлі на ланцужку, пясочніца, а яшчэ лаўкі ў цені дрэў. Вось так утульна зараз выглядае двор.
– Кожны імкнуўся ўнесці сваю лепту. Цяпер тут любяць гуляць дзеці не толькі з нашага, але і з суседніх дамоў, – дадае Вольга Клюева.
Двор сапраўды выглядае прывабным. Усюды кветкі: петуніі, ружы, гладыёлусы, рамонкі. Саджаюць і даглядаюць за імі Анатоль Скрыпкін і яго родная сястра Валянціна Окунева.
– Прыемна, калі вакол цябе прыгожа і ўтульна. Усё гэта мы зрабілі для любімых дзяцей і ўнукаў. Ну і для сябе, канешне, каб з задавальненнем хацелася прыходзіць дадому, сядзець на лаўцы ў цені дрэў, дыхаць водарам кветак, – кажа жанчына.
Вынік калектыўнай працы заўсёды бачны! А за прыгажосць дзякуй сем’ям Яўсеевых, Окуневых, Скрыпкіных, Клюевых, Сіўцовых, Платонавых, Сідаравых, Бычковых.
Вельмі хочацца, каб у такой добрай справе былі паслядоўнікі!
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №64 ад 18.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *