Отец с сыном Радионовы Алексей и Сергей убирают зерно в «АгроБоровинке»

Главное Сельское хозяйство

Плячо ў плячо з бацькам

Другі год працуе на палетках ААТ «АграБаравінка» сямейны экіпаж у складзе Аляксея Радзівонава і ягонага сына Сяргея

Аляксей Генадзьевіч калісьці рупіўся ў «Шумілінскім райаграсэрвісе», а зараз ён вадзіцель лесавоза УП ЖКГ. Летась былы кіраўнік «АграБаравінкі» Уладзімір Арлоў пераманіў на час жніва мужчыну да сябе: ведаў жа, што чалавек надзейны і працавіты. Паабяцаў добры заробак, прэмію за звышпланавыя тоны. «Так і было на самой справе, – усміхаецца Аляксей. – Падману не было, атрымалі добры заробак. Затое і сёлета згадзіліся прыехаць у гаспадарку. У гэтым годзе ўраджай зерневых намнога лепшы, асабліва ўрадзілі трыцікале і пшаніца. Намалочваем за дзень да паўсотні тон».
Памочнік Аляксея Радзівонава – сын Сяргей. Ён, студэнт Гарадоцкага каледжа, рупіцца плячо ў плячо з бацькам. Такім чынам і летнюю практыку праходзіць, і грошы зарабляе, і гаспадарцы дапамагае.
– Ці строгі бацька настаўнік? – пытаемся ў хлопца.
– Зусім не, – кажа Сяргей. – Па сваім характары ён спакойны, разважлівы. Такім і павінен быць настаўнік. Патлумачыць, калі трэба, і некалькі разоў, бо люблю дайсці да самай ісціны. Тэарэтычныя веды, набытыя ў каледжы, – гэта добра, а вось практычная работа – зусім іншае. Тут столькі нюансаў, столькі дробязей, якімі я паступова авалодваю. Думаю, напрыканцы жніва мне ўжо можна здаваць экзамен – пакажу нядрэнныя веды.
Дарэчы, Сяргей вучыцца на вадзіцеля, слесара і механізатара. Праз год атрымае дыплом і, магчыма, прыйдзе ў адну з гаспадарак нашага раёна. Падчас наступнага жніва зможа ўжо самастойна сесці за штурвал камбайна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №64 ад 18.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *