ГАИ Шумилинского РОВД взяло жатву под контроль

Безопасность Новости Сельское хозяйство

Бяспека людзей – у першую чаргу

Жніво ва ўсе часы з’яўлялася напружаным часам не толькі для механізатараў, але і для тых службаў, якія адказваюць за бяспеку. У прыватнасці, з першых дзён уборачнай супрацоўнікі ДАІ РАУС працуюць ва ўзмоцненым рэжыме і кожны дзень наведваюць розныя сельгаспрадпрыемствы.
Аляксандр Багданаў правярае дакументы ў камбайнера Яўгена Ткачова.

У адным з такіх рэйдаў разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы
Аляксандрам Багданавым пабывала карэспандэнт раённай газеты.
«Нашы калегі пабывалі ў кожным сельгаспрадпрыемстве яшчэ напярэдадні жніва, правяралі тэхніку з пункту гледжання бяспекі дарожнага руху, – кажа Аляксандр Багданаў. – Вядома, былі зроблены заўвагі, якія неўзабаве і выпраўляліся. Кіраўнікі і інжынеры гаспадарак з разуменнем адносяцца да бяспекі дарожнага руху».
На палетках УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» інспектар ДПС праверыў спраўнасць камбайнаў і трактароў, наяўнасць страхоўкі на транспартныя сродкі. Габарыты былі ў спраўным стане, механізатары мелі правы адпаведнай катэгорыі. Вось толькі на адным энерганасычаным трактары не быў уключаны маячок аранжавага колеру, як таго патрабуюць правілы. На першы раз механізатар быў папярэджаны, а ў наступны пагражае штраф да 2 БВ.
На палетках ля Ласвіцкіх, дзе працавалі камбайны КУСГП «Сіроцінскі», таксама была праверана ўся тэхніка. Да камбайнераў і вадзіцеляў не было заўваг: у кабінах кожнага з іх былі спраўныя вогнетушыцелі, рыдлёўкі і каністры з вадой. Прычэпы трактароў былі абсталяваны неабходнымі габарытамі.
– Тэхніку да жніва мы падрыхтавалі загадзя, – расказаў дырэктар гаспадаркі Мікалай Прыгодзіч. – Супрацоўнікі ДАІ суправаджаюць камбайны да палеткаў, у выпадку паломак стараемся своечасова рамантаваць трактары і камбайны. Намалочаныя тоны – гэта важна, але ж жыццё і бяспека людзей – першачарговае.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №66 ад 25.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *